2015-11-11 15:44:00

Кардынал: у Ватыкане няма апазіцыі супраць Папы


“У Ватыкане няма апазіцыі супраць Папы, а абавязак кардынала – ахвяраваць за яго сваё жыццё”, - сказаў падчас знаходжання з візітам у Чылі прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, кардынал Герхард Людвіг Мюлер. Ён адзначыў, што на гэту тэму напісана шмат недарэчнасцяў, але робяць гэта журналісты, якія больш зацікаўлены зарабляннем грошай на сваіх спекуляцыях, чым карысцю Касцёла.

Іерарх звярнуў увагу, што асобы, якіх называюць “ватыканістамі”, часта не ведаюць вучэння Касцёла, у тым ліку двух Ватыканскіх Сабораў, але затое заўсёды гатовыя выступіць па пытаннях дактрыны. Нямецкі кардынал таксама абверг нібыта існуючую ў Ватыкане барацьбу паміж кансерватарамі і прагрэсістамі.

Гаворачы пра нядаўні Сінод Біскупаў, кардынал Мюлер адзначыў, што найбольш важным з’яўляецца сцвярджэнне, што сям’я і сужэнства не ёсць сацыяльнай канструкцыяй, залежнай ад ідэалогіі, якая можа мяняцца з дня ў дзень. Ён падкрэсліў, што існуе выключна сужэнства паміж мужчынам і жанчынай, і што яно непарыўнае. Варта яго падтрымліваць, а не рэлятывізаваць. Адносна прыняцця разведзенымі св. Камуніі, ён нагадаў, што гэта можна рабіць толькі ў стане асвячальнай ласкі.








All the contents on this site are copyrighted ©.