2015-11-10 16:45:00

Святы Айцец: карані новага гуманізму – у Хрысце


Кульмінацыяй душпастырскага візіту папы Францішка ў Таскану стала св. Імша, якую ён узначаліў 10 лістапада 2015 г. на стадыёне “Artemio Franchi” у Фларэнцыі. У сваёй гаміліі Францішак звярнуў увагу на евангельскае пытанне, з якім Езус звярнуўся да вучняў: “Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?”. Паводле Папы, гэта цікавала Езуса для таго, каб мець магчымасць камунікаваць з народам. 

“Не ведаючы што думаюць людзі, вучань ізалюецца і пачынае судзіць людзей паводле ўласных думак і перакананняў. Захоўваць здаровы кантакт з рэальнасцю, з тым, чым жывуць людзі, з іх слязамі і радасцямі – гэта адзіная магчымасць, каб дапамагчы ім, каб фармаваць іх і камунікаваць з імі. Гэта адзіная магчымасць, каб прамаўляць да сэрцаў людзей, кранаючы іх штодзённыя досведы: працу, сям’ю, праблемы са здароўем, пробкамі, школай, медыцынскім абслугоўваннем. Гэта адзіная магчымасць, каб адкрыць іх сэрцы на слуханне Бога. Сапраўды, калі Бог захацеў паразмаўляць з намі – уцелавіўся”, - сказаў Папа. На яго думку, вучні Хрыста ніколі не павінны забываць, што былі выбраны з народу і таму не павінны паддавацца спакусе дыстансавання ад людзей, як бы тое, што думае і чым жыве народ, іх не тычыцца і для іх не цікава.

Каб пазнаць кім на самой справе з’яўляецца Хрыстус неабходна сталець у асабістай веры ў Яго. У сувязі з гэтым Папа нагадаў пра другое пытанне Езуса, скіраванае да вучняў: “А вы кім лічыце Мяне?”. “Толькі калі пазнаем Езуса ў Яго праўдзе, будзем у стане паглядзець на праўду нашага чалавечага стану і зможам зрабіць наш унёсак ў поўную гуманізацыю чалавецтва” , - сказаў Святы Айцец.

Паводле Папы, адказ апостала Пятра: “Ты – Хрыстус, Сын Бога Жывога”, павінен стаць адказам кожнага верніка. Пантыфік заклікаў крочыць супраць плыні і пераўзыходзіць пануючыя погляды, няздольныя, як і раней, убачыць у Езусе больш чым прарока і настаўніка. “Наша радасць у распазнанні ў Ім прысутнасці Бога, пасланніка Айца, Сына, які прыйшоў, каб стаць інструментам збаўлення для чалавецтва”, - сказаў Пантыфік.

Пантыфік заклікаў распазнаць у абліччы Езуса міласэрную любоў Бога. Еднасць паміж Боскім і чалавечым, цалкам рэалізаваная ў Хрысце – гэта мэта, канчатковая кропка чалавечай гісторыі, паводле задумы Айца, лічыць ён. “Але гэта мэта з’яўляецца не толькі гарызонтам, які асвячае наш шлях, але і тым, што нас прыцягвае сваёй лагоднай сілай; гэта штосьці, смак чаго пачынаем адчуваць ужо зараз, на зямлі, і што будуем штодзённа дабром, якое сеем вакол сябе. Гэтымі зернямі мы спрыяем стварэнню новага чалавецтва, абноўленага, дзе ніхто не пакінуты на ўзбочыне ці выкінуты; дзе той, хто служыць – найбольшы; дзе малыя і бедныя – прымаюцца і атрымліваюць дапамогу”, - сказаў Францішак.

Св. Імша на гарадскім стадыёне ў Фларэнцыі стала апошнім пунктам падарожжа Пантыфіка ў Таскану. Пасля літургіі ён на верталёце накіраваўся ў Ватыкан.








All the contents on this site are copyrighted ©.