2015-11-07 15:14:00

Святы Айцец: праца і адпачынак маюць духоўнае вымярэнне


Пенсія – гэта права, якое павінна заўсёды абараняцца, адзначыў папа Францішак 7 лістапада 2015 г. падчас аўдыенцыі для супрацоўнікаў і кіраўнікоў італьянскага Нацыянальнага інстытута сацыяльнага забеспячэння, з нагоды 100-годдзя гэтай установы. У сваёй прамове Святы Айцец раскрытыкаваў эканамічную мадэль, якая “паглынае рэсурсы для атрымання заўсёды большага прыбытку”, пагарджаючы годнасцю людзей.

Абараняць працаўнікоў і іх права на адпачынак, страяць на варце мацярынства і жаночай працы, ахоўваць права на пенсію – так Пантыфік акрэсліў місію арганізацыі. "Бог паклікаў чалавека да адпачынку і сам пажадаў адпачыць на сёмы дзень. Таму адпачынак, на мове веры, мае адначасова боскае і чалавечае вымярэнне", - сказаў Папа і падкрэсліў, што адпачынак – гэта не проста “устрыманне ад цяжкасцяў і штодзённай працы”, але нагода для таго, “каб ўпоўні жыць” уласнай чалавечнасцю, адкрытай на жывую сустрэчу з Богам і іншымі людзьмі. 

Святы Айцец назваў ганебнымі “ценявую занятасць” і “сацыяльную несправядлівасць”, якія адмаўляюць права на працу і адпачынак. Ён заклікаў клапаціцца аб медыцынскіх патрэбах тых, хто згубіў працу ці ніколі не меў яе, а таксама тых, хто быў вымушаны перарваць яе па розных прычынах. Людзі павінны быць застрахаваны на выпадак надыходу старасці, хваробаў, атрымання траўмаў звязаных з працоўнай дзейнасцю. Францішак падкрэсліў, што таксама і пенсія з’яўляецца сапраўдным правам чалавека, якое павінна абараняцца.

“Праца, не можа быць часткай ганебнага механізма, які перамолвае рэсурсы для атрымання ўсё большага і большага прыбытку; не можа працягвацца ці абмяжоўвацца ў залежнасці ад заробку невялікага кола людзей і вытворчых формаў, якія прыносяць у ахвяру каштоўнасці, адносіны і прынцыпы”, - сказаў Святы Айцец. Ён таксама назваў “атрутным” імкненне павелічэння рэнтабільнасці “абмяжоўваючы рынак працы і стараючы такім чынам новых маргіналізаваных”.


“Не забываць пра чалавека – гэта імператыў. Любіць і служыць чалавеку з сумленнасцю, адказнасцю, адкрытасцю. Працаваць для тых, хто працуе, і не ў апошнюю чаргу для тых, хто хацеў бы працаваць, але не можа. Рабіць гэта не як справу салідарнасці, але як абавязак справядлівасці і субсідыярнасці. Падтрымліваць самых слабых, каб усім было даволі годнасці і свабоды для па-сапраўднаму чалавечага жыцця”, - заклікаў Францішак прадстаўнікоў італьянскага Нацыяльнальнага інстытута сацыяльнага забеспячэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.