2015-11-06 13:18:00

Святы Пасад павіншаваў індуістаў са святам Дзівалі


Папская рада па міжрэлігійным дыялогу павіншавала прыхільнікаў індуізму з надыходзячым святам Дзівалі. У гэтым годзе ўрачыстасць прыпадае на 11 лістапада. У тэксце віншавання часта гучаць спасылкі на энцыкліку Святога Айца Францішка “Laudato si’”. 

“Ваша традыцыя, - гаворыцца ў пасланні, - падкрэслівае адзінства прыроды, чалавевецтва і боскасці. Таксама і хрысціянская вера вучыць, што гэты свет з’яўляецца Божым дарам. Як яго абаронцы, мы закліканыя клапаціцца аб ім адказана і рашуча”.

Сёння відавочна жаданне многіх людзей спажываць і панаваць над прыродай, замест таго каб быць яе ахоўнікамі. Змяніць сітуацыю можна праз выхаванне адказнасці ў пытаннях экалогіі на ўсіх узроўнях, пачынаючы з сям’і. Спрыянне “экалагічнай дабрачыннасці” павінна стаць абавязкам кожнага чалавека, незалежна ад веравызнання і нацыянальнасці, тым больш, што гаворка ідзе не толькі пра нас, але і пра будучыя пакаленні, заўважылі аўтары паслання. Каб у свеце панаваў мір, нам трэба супрацоўнічаць у пытаннях “аховы прыроды, абароны бедных, пабудовы ўзаемаадносін павагі і братэрства”, дадалі яны.

Дзівалі – адно з галоўных індзійскіх і індуісцкіх святаў. Яно сімвалізуе перамогу жыцця над смерцю, святла над цемрай, дабра над злом і лічыцца ў індуістаў пачаткам Новага года.








All the contents on this site are copyrighted ©.