2015-11-06 15:37:00

Святы Айцец сустрэўся з абаронцамі жыцця


Францішак прывітаў удзельнікаў сустрэчы “Цэнтраў падтрымкі жыцця” і падзякаваў ім за справу абароны найвялікшага Божага дару. “Для паслядоўнікаў Хрыста дапамагаць зраненаму чалавечаму жыццю азначае ісці насустрач людзям у патрэбе, быць побач з імі, раздзяляць цяжар іх слабасцяў і болю, каб яны маглі падняцца”, - падкрэсліў Святы Айцец 6 лістапада 2015 г. у Ватыкане.

Вакол нас шмат сем’яў, што пакутуюць з прычыны беднасці, хваробаў, адсутнасці працы ці жылля, пажылых людзей, якія застаюцца ў адзіноце, моладзі, якой пагражаюць розныя формы залежнасці. У кожным з іх, па словах Пантыфіка, можна пазнаць чалавека з Евангельскай прыпавесці, абрабаванага і пабітага разбойнікамі па дарозе з Ерузалема ў Ерыхон, які спазнаў спачатку абыякавасць прахожых і толькі потым зычлівасць Добрага Самараніна. Святы Айцец параўнаў з ім абаронцаў жыцця.

Асобна Папа засяродзіўся на пытаннях сям’і, аховы зачатага жыцця і абароны жаночай годнасці. Дзейнасць Цэнтраў у гэтым накірунку даказвае: нягледзячы на цяжкасці і выпрабаванні, жанчына, якая атрымлівае неабходную дапамогу, здольная адчуць у сабе перамогу любові і заклік да мацярынства і жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.