2015-11-05 11:24:00

Папа: кроў мучанікаў – заклік да еднасці хрысціян


Кроў сучасных мучанікаў з’яўляецца заклікам да трывалага імкнення да поўнай і бачнай еднасці паміж усімі хрысціянамі праз узрастанне ў любові і ўзаемным разуменні. Папа Францішак напісаў аб гэтым у пасланні да ўдзельнікаў Глабальнага хрысціянскага форума, які 2-4 лістапада 2015 г. праходзіў у албанскай Тыране на тэму “Дыскрымінацыя, пераслед, мучаніцтва: разам ісці за Хрыстом”.

Святы Айцец прывітаў прадстаўнікоў супольнасцяў, якія пакутуюць з прычыны сваёй веры ў Езуса Хрыста. Ён узгадаў пра хрысціян, якія падвяргаюцца пераследу на Блізкім Усходзе, у Афрыцы, Азіі і іншых рэгіёнах планеты. Сведчанне аб Хрысце, аж да праліцця крыві, стала супольным досведам прадстаўнікоў розных канфесій, “нашмат глыбейшым і мацнейшым за адметнасці, якія яшчэ раздзяляюць” Цэрквы і рэлігійныя супольнасці, падкрэсліў Папа.

Францішак выказаў пераканне, што еднасць мучанікаў з’яўляецца найбольш відавочным знакам супольнага шляху хрысціян. Ён пажадаў, каб Глабальны хрысціянскі форум “даў голас ахвярам несправядлівасці і насілля, і паспрабавау указаць шлях, які выведзе чалавечую сям’ю з гэтай трагічнай сітуацыі”. “Няхай сучасныя мучанікі, якія належаць да розных хрысціянскіх традыцый, дапамогуць нам зразумець, што ўсе ахрышчаныя з’яўляюцца членамі аднаго і таго ж Цела Хрыста, Яго Касцёла”, - напісаў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.