2015-11-04 11:53:00

Францішак: жыццё немагчыма без прабачэння


Сям’я – гэта “трэніровачная зала”, у якой чалавек удасканальваецца ва ўзаемным прабачэнні і дарэнні сябе іншым, сказаў папа Францішак 4 лістапада 2015 г. падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Сваю катэхезу Пантыфік прысвяціў тэме прабачэння ў сямейным асяроддзі. Ён нагадаў, што ў малітве “Ойча наш” Езус заклікаў прасіць Айца: “Адпусці нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым”, а таксама казаў: “Калі вы будзеце адпускаць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны адпусціць і вам. А калі не будзеце адпускаць людзям, то і Айцец ваш не адпусціць вам правінаў вашых” (Мц 6, 12.14-15).

“Немагчыма жыць не прабачаючы, прынамсі немагчыма жыць добра, асабліва ў сям’і. Штодзённа мы прычыняем крыўду адзін аднаму. Мы павінны ўсведамляць гэтыя памылкі, выкліканыя нашай слабасцю і эгаізмам. Тое, што ад нас патрабуецца – гэта неадкладна залечваць раны, якія наносім, неадкладна звязваць ніці, якія разрываем. Калі будзем чакаць занадта доўга, гэта стане складаней. Ёсць простая таямніца, каб залячыць раны і спыніць абвінавачванні: не дазволіць, каб дзень закончыўся без просьбы аб прабачэнні, без прымірэння паміж мужам ці жонкай, паміж бацькамі і дзецьмі, паміж братамі і сёстрамі... паміж нявесткай і свекрывёй. Калі навучымся адразу прасіць прабачэння і ўзаемна прабачаць, раны будуць залечвацца, сужэнства – умацоўвацца, а сям’я будзе станавіцца ўсё больш і больш моцным домам, устойлівым перад штуршкамі нашых малых і вялікіх злобных выхадак”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, менавіта ў сям’і можна навучыцца прабачэнню, каб затым дарыць яго людзям, якія акружаюць нас у штодзённым жыцці.

“Калі мы навучымся так жыць у сям’і, будзем паступаць падобным чынам і па-за ёй, дзе б мы не знаходзіліся. Вельмі лёгка быць скептыкамі адносна гэтага. Многія – нават сярод хрысціян – думаюць, што гэта перабольшванне. Гавораць: так, гэта прыгожыя словы, але іх немагчыма рэалізаваць на практыцы. Але дзякуй Богу, гэта не так. Наадварот, менавіта атрымліваючы прабачэнне ад Бога, мы, са свайго боку, становімся здольнымі прабачаць іншых. Таму Езус прымушае нас паўтараць гэтыя словы кожны раз, калі молімся”Ойча наш”, гэта значыць штодзённа. Трэба, каб у грамадстве, часам жорсткім, былі такія месцы як сям’я, дзе можна вучыцца прабачаць адзін аднаго”, - адзначыў Пантыфік. 

Сінод Біскупаў, які прайшоў у Ватыкане, нагадаў, што здольнасць прабачаць і несці прабачэнне іншым адносіцца да паклікання і місіі сям’і, нагадаў Францішак.

“Практыкаванне прабачэння не толькі захоўвае сем’і ад падзелаў, але таксама робіць іх здольнымі дапамагаць грамадству станавіцца менш злым і жорсткім. Так, кожны жэст прабачэння заладжвае расколіны ў доме і ўмацоўвае яго сцены. Касцёл, дарагія сем’і, заўсёды знаходзіцца побач з вамі, каб дапамагаць вам будаваць ваш дом на скале, аб якой казаў Езус. Не будзем забывацца словы, якія папярэднічаюць прыпавесці пра дом: “Не кожны, хто кажа Мне: “Пане, Пане”, увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах. Многія скажуць Мне ў той дзень: “Пане, Пане, ці не ад Твайго імя мы прарочылі, і ці не Тваім імем выганялі злых духаў, і ці не Тваім імем многія цуды чынілі?” І тады скажу ім: “Я ніколі не ведаў вас, адыдзіце ад Мяне вы, што чыніце беззаконне” (Мц 7, 21-23). Гэта моцныя словы, мэта якіх, бясспрэчна, заключаецца ў тым, каб узварухнуць нас і паклікаць да навяртання”, - адзначыў Папа.

Пантыфік запэўніў сем’і, што, калі будуць крочыць шляхам евангельскіх благаслаўленняў, калі самі навучацца і будуць вучыць іншых узаемнаму прабачэнню, “ва ўсёй вялікай сям’і Касцёла ўзрасце здольнасць да сведчання аб абнаўляючай сіле Божага прабачэння”. “У адваротным выпадку, мы будзем казаць цудоўныя пропаведзі і, магчыма, нават выганім некалькі дэманаў, але напрыканцы Пан не пазнае нас у якасці сваіх вучняў”, - сказаў Папа.

Францішак перакананы, што хрысціянскія сем’і могуць шмат зрабіць для сучаснага грамадства і Касцёла. Ён заклікаў іх адкрыць скарб узаемнага прабачэння, выкарыстаўшы як нагоду Юбілей Міласэрнасці, які хутка пачнецца ў Касцёле.








All the contents on this site are copyrighted ©.