2015-11-04 16:48:00

Святы Пасад ідзе па шляху да фінансавай празрыстасці


Ватыкан упэўнена працягвае ісці па шляху празрыстасці і добрага кіравання, адзначыў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Ён адказаў на публікацыю ў Італіі двух кніг, якія спасылаючыся на канфідэнцыйныя дакументы аб эканамічнай і фінансавай дзейнасці Ватыкана і Святога Пасада, жадаюць паказаць адваротнае.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы заўважыў, што большая частка прадстаўленай у кнігах інфармацыі – гэта вынік распаўсюджвання канфідэнцыйных дакументаў – незаконнай дзейнасці, якая будзе падвяргацца пераследу кампетэнтнымі ватыканскімі органамі.

Большасць апублікаванай інфармацыі не новая, а ўжо вядомая, нават калі і не настолькі дэтальна, падкрэсліў ён і заўважыў, што апублікаваныя дакументы тычацца шырокавядомай дзейнасці па збіранні дадзеных і інфармацыі, якое было ініцыявана папам Францішкам з мэтай разважання над рэформай і паляпшэннем адміністрацыйнай сітуацыі Ватыкана і Апостальскай Сталіцы. 

Дакументы тычацца дзейнасці адмысловай камісіі, якая пасля выканання сваёй місіі была ліквідавана. “Гаворка не ідзе пра інфармацыю, здабытую супраць жадання Папы ці кіраўнікоў розных структур, але галоўным чынам здабытую ці прадстаўленую ў супрацоўніцтве з самімі гэтымі структурамі, для дасягнення агульнай пазітыўнай мэты”, - адзначыў кіраўнік Залы Друку.

Кс. Ламбардзі заўважыў, што вялікая колькасць інфармацыі падобнага роду павінна ўважліва вывучацца і інтэрпрытавацца. “Часта магчымы розныя трактоўкі са спасылкай на тыя ж дадзеныя”, - сказаў ён і прывёў у прыклад прагнозы па сітуацыі ватыканскага пенсійнага фонду: ад негатыўных да заспакойваючых.

Кс. Ламбардзі звярнуў увагу на тое, што праца па ўпарадкаванню эканамічнай сітуацыі ў Ватыкане і Апостальскай Сталіцы працягваецца. “Рэарганізацыя эканамічных дыкастэрый, прызначэнне Генеральнага рэвізора, належнае функцыянаванне кампетэнтных органаў па кантролі за эканамічнай і фінансавай дзейнасцю і іншае – гэта аб’ектыўная і бясспрэчная рэальнасць”, - сказаў ён. У сваю чаргу, публікацыя дакументаў, якія тычацца ўжо пройдзенага этапу гэтага працэсу, стварае адваротнае ўяўленне, нібыта, існуе сітуацыя “пастаяннага беспарадку, непразрыстасці ці нават пераследу асабістых і памылковых мэтаў”.

“Шлях добрага кіравання, дакладнасці і празрыстасці ўпэўненна працягваецца і ідзе наперад. Менавіта гэта з’яўляецца жаданнем папы Францішка, і ў Ватыкане дастаткова тых, хто супрацоўнічае з ім у поўнай адданасці і з усіх сіл”, - падкрэсліў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.