2015-11-03 15:35:00

Каталіцкія рухі абвясцілі лістапад Месяцам клімату


Сусветная асацыяцыя 230 каталіцкіх экалагічных рухаў абвясціла лістапад Месяцам клімату. Гэта накіравана на прыцягненне ўвагі грамадскасці перад пачаткам парыжскай канферэнцыі па зменах клімату, арганізаванай ААН (COP21). Яна пачнецца 30 лістапада 2015 г. Кожная з арганізацый выйдзе з экалагічнымі ініцыятывамі ў сваім асяроддзі.

Абвешчаны збор подпісаў пад петыцыяй да палітыкаў за ўвядзенне праграм, якія заахвоцяць да змены вобразу жыцця, каб яно было заснавана на салідарнасці, любові і справядлівасці, прымала пад увагу натуральныя абмежаванні Зямлі. Напярэдадні самаго саміту ААН у Парыжы пройдзе марш за абарону навакольнага асяроддзя.

“Гэта надзвычайная глабальная падзея дазволіць выказацца бедным жыхарам планеты, а для католікаў стане магчымасцю заахвоціць усіх людзей добрай волі, будаваць добрыя адносіны з Богам, іншымі людзьмі і стварэннем”, - гаворыцца ў заяве арганізатараў.

Запланаваны таксама шэраг малітоўных ініцыятыў у інтэнцыі парыжскай сустрэчы.








All the contents on this site are copyrighted ©.