2015-11-02 12:07:00

Францішак памоліцца за сваіх папярэднікаў


Папа Францішак 2 лістапада 2015 г. вечарам, ва Успамін усіх памерлых вернікаў, памоліцца каля магіл сваіх папярэднікаў на Пасадзе св. Пятра. Пантыфік у прыватнай форме наведае гроты ватыканскай базылікі, дзе пахаваны некаторыя Папы. 

За час свайго пантыфікату Святы Айцец прыбудзе сюды ўжо чарговы раз. Ён наведаў некропаль пад ватыканскай базылікай амаль адразу пасля абрання, 1 красавіка 2013 г. Тады Францішак ушанаваў Пантыфікаў мінулага стагоддзя, пахаваных тут: Бэнэдыкта XV, Пія ХІ, Пія ХІІ, Паўла VI і Яна Паўла І. Той візіт закончыўся малітвай каля магілы св. Пятра. 

У гротах ватыканскай базылікі пахаваны 21 Пантыфік, сярод іх: Грыгорый V, які жыў напрыканцы Х ст., і Адрыян IV – адзіны ў гісторыі Папа англічанін. Акрамя таго, тут знаходзяцца магілы некаторых свецкіх манархаў, напрыклад, імператара Атона ІІ і каралевы Крысціны Шведскай.








All the contents on this site are copyrighted ©.