2015-11-01 12:32:00

Святы Пасад нагадаў у ААН пра крызіс на Блізкім Усходзе


Аб тэрміновым рашэнні драматычнай сітуацыі на Блізкім Усходзе звярнуўся да міжнароднай супольнасці ў Савеце Бяспекі пастаянны назіральнік Святога Пасаду ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса сказаў, што экстрэмісты імкнуцца ліквідаваць рэлігійныя супольнасці, этнічныя і культурныя групы ў раёнах, дзе яны жывуць тысячы гадоў.

Прадстаўнік Святога Пасаду выказаў глыбокую заклапочанасць з нагоды трагічнага лёсу хрысціян і іншых груп у рэгіёне, які кантралюецца так званай Ісламскай Дзяржавай. Ён асудзіў таксама варварскае знішчэнне тэрарыстамі неацэннай культурнай спадчыны на Блізкім Усходзе. Арцыбіскуп Ауса ўзгадаў словы Папы, сказаныя ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. Францішак адзначыў, што хрысьціян, нароўні з іншымі культурнымі і этнічнымі групамі, а таксама з часткай паслядоўнікаў рэлігіі большасці, якія не хочуць заблытацца ў нянавісці і вар’яцтве, прымушаюць быць сведкам разбурэння іх месцаў культу, іх культурнай і рэлігійнай спадчыны, іх дамоў і маёмасці. Гэтых людзей паставілі перад альтэрнатывай уцёкаў або платы за прыхільнасць да дабра і міру ўласным жыццём або рабствам.

Ватыканскі дыпламат таксама адзначыў, што канфлікты на Блізкім Усходзе, у тым ліку палестынскае пытанне, з’яўляюцца з моманту стварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, і з часам яшчэ больш ускладніліся, у апошні перыяд, у сувязі з сірыйскім канфліктам. Прадстаўнік Святога Пасаду з шкадаваннем адзначыў, што Блізкі Усход, калыска трох монатэістычных рэлігій: юдаізму, хрысціянства і ісламу, застаецца месцам, дзе ўспыхваюць розныя канфлікты. Ён падкрэсліў, што пастаўкі зброі ў рэгіён, ахоплены сутыкненнямі, не дапаможа ва ўрэгуляванні сітуацыі і заклікаў міжнародную супольнасць да больш смелых ініцыятыў, заснаваных на перамовах і дыялогу.

Іерарх ад імя Святога Пасаду выказаў удзячнасць тым краінам у рэгіёне Блізкага Усходу, якія, нягледзячы на ўласную складаную ўнутрыпалітычную сітуацыю і абмежаванасць фінансавых рэсурсаў, прынялі мільёны бежанцаў. У гэтым кантэксце, арцыбіскуп Ауса нагадаў, што Каталіцкі Касцёл вельмі актыўна падтрымлівае рэгіён гуманітарнай дапамогай. Ён заклікаў міжнародную супольнасць падтрымаць краіны Блізкага Усходу ў імкненні да палітычнай стабільнасці і аказаць фінансавую дапамогу, каб яны маглі адказаць на выклік актывізацыі міграцыйных патокаў у сваіх уласных межах і па-за імі. У прыватнасці, ён папрасіў падтрымаць Ліван, які ў цяперашні час перажывае палітычны крызіс, звязаны з неабраннем Прэзідэнта, і прымае вялікую колькасць бежанцаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.