2015-11-01 13:06:00

Святы Айцец занепакоены сітуацыяй у Афрыцы


Пантыфік звярнуў увагу на “балючыя эпізоды”, якія пазначылі ў апошнія дні і без таго “далікатную сітуацыю” ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы. Гэта выклікае “вялікую заклапочанасць” Святога Айца, аб чым сказаў ён сам 1 лістапада 2015 г. падчас спаткання з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. У краіне ў апошні час назіраецца эскалацыя насілля ў адносінах да грамадзянскіх асоб і міратворцаў.

“Я звяртаюся да бакоў пакласці канец гэтаму цыклу насілля”, - заклікаў Пантыфік і выказаў сваю салідарнасць з мясцовым Касцёлам, іншымі канфесіямі і ўсёй супольнасцю Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі. Ён запрасіў “прыкласці ўсе намаганні для пераадолення рознагалоссяў і вяртання на шлях міру”. 

“Каб выказаць блізкасць ўсяго Касцёла да гэтага народа, так прыгнечанага і церпячага, і настойліва заклікаць усіх жыхароў Рэспублікі станавіцца ўсё больш і больш сведкамі спагады і прымірэння, у нядзелю 29 лістапада я маю намер адчыніць Святыя дзверы катэдры ў Бангі, падчас Апостальскаага падарожжа, якое спадзяюся здзейсніць у гэту краіну”, - сказаў Святы Айцец.

Трэба адзначыць, што ў апошнія дні таксама Савет Бяспекі ААН выказаў сваю занепакоенасць эскалацыяй насілля ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы і паабяцаў увесці санкцыі адносна тых, хто падрывае мір. Таксама было заяўлена, што напады на грамадзянскіх асоб і міратворцаў могуць быць кваліфікаваныя як ваенныя злачынствы, якія падпадаюць пад юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда.








All the contents on this site are copyrighted ©.