2015-10-31 12:18:00

Папа: гандаль людзьмі – злачынства супраць чалавечнасці


Гандаль людзьмі з’яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці, - адзначыў Папа ў пасланні да сустрэчы “Групы святой Марты”, якая адбывалася 30 і 31 кастрычніка 2015 г. у Эль Эскарыал каля Мадрыда. Гэта асацыяцыя, якая складаецца з супрацоўнікаў паліцыі і біскупаў з розных краін, была створана ў красавіку 2014 г. у Ватыкане ў канцы міжнароднай канферэнцыі па барацьбе супраць гандлю людзьмі. Яна бярэ сваю назву ад ватыканскага Дома св. Марты, дзе жылі ўдзельнікі мінулагодняга форуму.

Святы Айцец нагадаў, што нядаўна прынятая Праграма ўстойлівага развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый да 2030 года адной са сваіх мэтаў вызначае выкараненне прымусовай працы, каб пакласці канец сучаснаму рабству і гандлю людзьмі, эксплуатацыі дзіцячай працы і выкарыстанню дзяцей у якасці салдат. Усе формы дзіцячай працы павінны быць ліквідаваныя да 2025 г.

Францішак таксама цытуе свае словы, якія ён прамовіў у штаб-кватэры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый незадоўга да зацвярджэння Праграмы ўстойлівага развіцця. Ён казаў там пра неабходнасць выключэння такіх бедстваў, як “гандаль людзьмі і чалавечымі органамі, сексуальная эксплуатацыя хлопчыкаў і дзяўчынак, рабская праца, у тым ліку прастытуцыя”.

У пасланні да нарады “Групы святой Марты” Пантыфік адзначыў неабходнасць супрацоўніцтва біскупаў і грамадзянскіх уладаў у вяртанні ахвярам гэтых трагедый годнасці і свабоды. Ён падкрэсліў, што пасля прыняцце Праграмы ААН Група можа разлічваць на падтрымку ўсёй міжнароднай супольнасці. Францішак даверыў Богу гэту настолькі далікатную місію, гуманітарную і ў той жа час хрысціянскую.








All the contents on this site are copyrighted ©.