2015-10-31 13:19:00

Пантыфік: прадпрымальнік – гэта таксама місіянер


Папа сустрэўся 31 кастрычніка 2015 г. у Ватыкане з прадстаўнікамі італьянскага Хрысціянскага саюзу кіраўнікоў прадпрыемстваў. Асацыяцыя аб’ядноўвае прадпрымальнікаў католікаў, “якія паставілі перад сабой мэту стаць архітэктарамі развіцця для агульнага дабра”, нагадаў Пантыфік і дадаў, што гэта можна адбывацца толькі на аснове рэалізацыі сацыяльнага вучэння Касцёла. Прычым, не толькі на працы, але і ў сям’і, і ў грамадстве. Папа назваў прадпрымальніцтва “высакароднай працай”, пры ўмове, што яно служыць агульнаму дабру.

Кіраўнічая пасада можа стаць месцам святасці, перакананы Пантыфік. Гэта магчымасць будаваць брацкія адносін паміж бізнесменамі, кіраўнікамі прадпрыемстваў і рабочымі, праз мабілізацыю да сумеснай адказнасці і супрацоўніцтва ў агульных інтарэсах. Таму важна звяртаць асаблівую ўвагу на якасць жыцця і працы работнікаў, сказаў Пантыфік і патлумачыў, што, перш за ўсё, мае на ўвазе жанчын, для якіх праца не павінна перашкаджаць пакліканню да мацярынства і сям’і.

Прадпрымальнік – гэта таксама місіянер у складаным свеце працы, эканомікі і бізнесу, лічыць Папа. І гэта місійная пастава “ўключае ў сябе евангельскую адкрытасць і блізкасць да розных форм беднасці і ўразлівасці”. Патрэбна “евангельская накіраванасць” эканамічнай дзейнасці. Яна павінна знаходзіцца на службе чалавеку і агульнаму дабру. І тут Папа заклікаў удзельнікаў ватыканскай сустрэчы да “прадпрымальніцкага духа субсідыярнасці”, да супольнага адказу на “этычныя праблемы рынку”, перш за ўсё, праз стварэнне добрых магчымасцяў для працаўладкавання.

Эканоміка, для належнага функцыянавання, мае патрэбу ў этыцы, якая прызнае цэнтральнае месца за асобай і супольнасцю, заўважыў Францішак. “Сёння я зноў кірую да вас заданне супольнага ажыццяўлення гэтай мэты. Вы будзеце прыносіць плён у той меры, у якой Евангелле прысутнічае і жыве ў вашых сэрцах, розуме і ўчынках”, - сказаў Пантыфік, звяртаючыся да італьянскіх прадпрымальнікаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.