2015-10-31 13:36:00

Беларусь: епіскапат стварыў Раду па кантактах з дзяржавай


У рамках Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі была створана Рада па справах кантактаў з дзяржавай. Аб пакліканні да жыцця новай структуры – а яе старшынёй стаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч – было заяўлена пасля чарговага пасяджэння епіскапату 28 кастрычніка 2015 г. 

Як адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, стварэнне Рады – гэта патрэба часу. “Я лічу, што гэта справа своечасовая і патрэбная. Касцёл не з гэтага часу, але ў гэтым часе. Трэба будаваць адносіны з грамадствам і дзяржавай. Ёсць закон, яго тлумачэнне. І трэба размаўляць. Цяпер шмат праблем узнікае з дабрачыннасцю. На сённяшні дзень той, хто ахвяруе Касцёлу на дабрачынную дзейнасць, не звольнены ад падаткаў. І трэба размаўляць. Аб гэтым таксама размаўляе Праваслаўная Царква, каб нейкі такі закон быў прыняты. Таксама новая Рада можа займацца іншымі пытаннямі: стварэнне нейкіх новых структур, рэгістрацыя парафій, пляцовак пад будову касцёлаў, пытанні аховы помнікаў сакральнай архітэктуры. Тут сам Касцёл нічога не зробіць, трэба размаўляць з дзяржавай. Таксама ёсць шмат храмаў у невялікіх вёсках, у якіх не засталося парафіян. І як захаваць іх, Касцёл не зможа сам гэтага зрабіць”, - адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч у каментары для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

З цягам часу будуць паўставаць іншыя пытанні, якія трэба вырашаць супольна – Касцёлу і дзяржаве – дадаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Праца з моладдзю, дабрачыннасць, выдавецтва і медыя – увогуле структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі сёння ўжо ахопліваюць амаль усе сферы грамадства і ўключаюць ў сябе таксама дыялог і супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўстановамі. 

Адмыслова створаная Рада дапаможа адносінам Кацёла і дзяржавы ўзняцца на зусім новы ўзровень, лічыць яе старшыня. “Мы ведаем, што ідзе доўгі працэс распрацоўкі пагаднення паміж Беларуссю і Ватыканам. Але патрэбныя таксама адносіны на месцы, напрыклад, паміж Канферэнцыяй Біскупаў або нейкай паасобнай дыяцэзіяй і аблвыканкамам, райвыканкамам, Міністэствам культуры, адукацыі, аховы здароўя і гэтак далей. Гэта таксама будзе сферай дзейнасці Рады. Яна адыграе значную ролю ў жыцці і развіцці Касцёла,” – выказаў упэўненасць іерарх.

Хто ўвойдзе ў склад Рады па справах кантактаў з дзяржавай, будзе вырашана хутка, у залежнасці ад таго, якія пытанні будуць вынесены на парадак у першую чаргу. 

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.