2015-10-30 11:24:00

Святы Айцец наведае Мілан


У рамках Юбілею Міласэрнасці папа Францішак здзейсніць душпастырскі візіт у італьянскі Мілан. Падарожжа адбудзецца 7 мая 2016 года. Арцыбіскуп Міланскі кардынал Анджэла Скола назваў яго “знакам любові і павагі Папы да амбразіянскага Касцёла”. Пурпурат падкрэсліў, што візіт Пантыфіка стане значнай падзеяй і сапраўдным дарам не толькі для гораду, але для ўсяго рэгіёну Ламбардыя.

“Гэта будзе аднадзённы візіт. Ён пройдзе ў суботу, з раніцы да вечара, і будзе вельмі насычаным падзеямі, бо Папа ніколі не здзейсняе сіесты”, - распавёў іерарх.

Праграма душпастрыскага візіту яшчэ абмяркоўваецца. Кардынал Скола, аднак, выказаў пажаданне, каб ён тычыўся не толькі мясцовай каталіцкай супольнасці, але ўсіх гараджан, дыяцэзіі і рэгіёну. 

Папа Францішак прыбудзе ў Мілан праз чатыры гады пасля візіту сюды свайго папярэдніка на Пасадзе св. Пятра, папы Бэнэдыкта XVI, падарожжа якога было прымеркавана да Сусветнай сустрэчы сем'яў у 2012 г. Св. Ян Павел ІІ наведваў кафедру св. Амброзія двойчы: у 1983 і 1984 гадах.








All the contents on this site are copyrighted ©.