2015-10-27 13:11:00

Святы Айцец: кардынал Корэц – прыклад сілы духа


Францішак выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю кардынала Яна Хрызастома Корэца, езуіта і былога біскупа Нітры. Іерарх памёр 24 кастрычніка 2015 г. ва ўзросце 91 года. У спачувальнай тэлеграме Папа з "глыбокім хваляваннем" успамінае славацкага кардынала, які быў "шчодрым пастырам", "бясстрашным сведкай Евангелля і верным абаронцам хрысціянскай веры і правоў чалавека".

Пантыфік узгадаў, што кардынал Корэц быў зняволены чэхаславацкім камуністычным рэжымам, але не зважаючы на гэта "ніколі не быў запалоханы, даючы заўсёды яскравы прыклад сілы духа і веры ў Боскі Провід, а таксама вернасці Пасаду св. Пятра".

Ужо будучы святаром, ён быў вымушаны зарабляць на жыццё працуючы дворнікам у Браціславе, а затым у якасці працоўнага на хімічным прадпрыемстве. Дасведчыў беспрацоўе і беднасць. Падчас панавання камуністычнага рэжыму ён таемна удзяліў пасвячэнне каля 120 святарам.

"Я дзякую Пану, - напісаў Францішак - за тое, што даў свайму Касцёлу гэтага выбітнага святара і біскупа, і ўзношу гарачыя малітвы да Бога, каб вітаў яго ў сваёй вечнай радасці, пасля столькіх пакут яго добрага і вернага слугі".

Пахаванне кардынала Корэца адбудзецца ў суботу, 31 кастрычніка ў катэдральным касцёле славацкай Нітры, дзе і спачне яго цела. Узначаліць пахавальныя абрады кардынал Станіслаў Дзівіш, арцыбіскуп Кракаўскі.








All the contents on this site are copyrighted ©.