2015-10-27 14:25:00

Пантыфік: канстытуцыя “Pastor bonus” застаецца правамоцнай


Папа Францішак нагадаў, што актуальны перыяд, звязаны з рэформай Рымскай курыі, не з’яўляецца прававым вакуумам. У Дзяржаве Ватыкан працягваюць дзейнічаць нормы Апостальскай канстытуцыі “Pastor bonus” з усімі ўнесенымі ў яе зменамі і “Агульны рэгламент Рымскай курыі”. Пра гэта гаворыцца ў лісце Святога Айца скіраваным 27 кастрычніка 2015 г. на імя кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна.

Пантыфік падкрэсліў, што “некаторыя праблемы” падштурхнулі яго нагадаць, што павага да “агульных нормаў” неабходна, як для таго, каб “гарантаваць звычайнае выкананне працы Рымскай курыі і структур звязаных з Апостальскай Сталіцай”, так і для таго, “каб забяспечыць справядлівыя адносіны, у тым ліку эканамічныя, да ўсіх супрацоўнікаў і супрацоўніц”. Францішак пажадаў, каб існавала дакладнае выкананне зместу ўзгаданых вышэй дакументаў, а таксама рэгламентаў, якія тычыцца свецкага кіраўнічага персаналу Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Ватыкан і прыняцця на працу ў структуры Святога Пасаду свецкіх вернікаў.

Францішак адзначыў, што прыняцце на працу і перавод на іншыя пасады персаналу павінен адбывацца ў рамках штатнага раскладу, “выключаючы любыя іншыя крытэрыі, са згоды Апостальскай Сталіцы і следуючы прадпісаным працэдурам, згодна з устаноўленым памерам аплаты”.

Апостальская канстытуцыя “Pastor bonus” была абвешчана св. Янам Паўлам ІІ 28 чэрвеня 1988 г. Гэта асноўны дакумент, які рэгламентуе дзейнасць структур Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Ватыкан. 28 верасня 2013 г. папа Францішак стварыў Раду кардыналаў з мэтай перагляду гэтага дакументу ў святле новых выклікаў перад Касцёлам і самой Рымскай курыяй.








All the contents on this site are copyrighted ©.