2015-10-26 16:17:00

Францішак: час для выкаранення забабонаў адносна цыган


26 кастрычніка 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане каля пяці тысяч прадстаўнікоў цыганскай народнасці, з нагоды іх сусветнай пілігрымкі ў Рым. “Я б хацеў, каб таксама і ваш народ пачаў новую гісторыю. Каб перавярнулася старонка! Настаў час для выкаранення векавых забабонаў, прадузятасцяў і ўзаемнага недаверу, якія часта знаходзяцца ў аснове дыскрымінацыі, расізму і ксенафобіі”, - сказаў Святы Айцец.

У той жа час Папа заклікаў прысутных на аўдыенцыі цыган “не даваць сродкам камунікацыі і грамадскай думцы нагодаў кепска казаць” пра сябе. “Як усе грамадзяне вы можаце спрыяць дабрабыту і прагрэсу грамадства, паважаючы яго законы, пазбягаючы падманаў, прытворстваў, ашуканстваў і нараканняў і інтэгруючыся ў яго таксама праз эмансіпацыю новых пакаленняў”, - сказаў ён.

Францішак заклікаў сваіх гасцей не перашкаджаць дзецям атрымліваць адукацыю, каб мелі доступ да свету працы. Ён адзначыў важнасць спрыяння школьнай і працоўнай інтэграцыі цыган у грамадствы. “Мы не жадаем больш назіраць за сямейнымі трагедыямі ў якіх дзеці паміраюць ад холаду ці ў пажарах або становяцца аб’ектамі ў руках распусных асобаў, а моладзь і жанчыны звязваюцца з гандлем наркотыкамі і людзьмі”, - заўважыў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.