2015-10-23 16:43:00

Айцы Сінода задаволены тэкстам Канчатковага дакладу


Удзельнікі сінадальнай асамблеі, якая праходзіць у Ватыкане, правялі выбары ў Раду Сакратарыята Сінода, поўны склад якой будзе абвешчаны, калі яна будзе дапоўнена членамі, прызначанымі папам Францішкам, распавёў кс. Фэдэрыка Ламбардзі 23 кастрычніка 2015 г. падчас брыфінгу ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы. Рада Сінода складаецца з выбраных членаў, якія прадстаўляюць розныя кантыненты, і тых, якіх прызначае Пантыфік, удакладніў ён.

Прадстаўнік Святога Пасаду паведаміў пра тое, што адбывалася ў Зале Сінодаў у другой палове дня 22 кастрычніка 2015 г. Напачатку Генеральны рэлятар асамблеі кардынал Пэтэр Эрдо прадставіў чарнавы варыянт Канчатковага дакладу Сінода, тэкст якога быў раздадзены прысутным. 

Затым Генеральны сакратар Сінода Біскупаў кардынал Ларэнца Балдзісэры распавёў пра метадалогію працы камісіі па рэдагаванні Канчатковага дакладу. Ён адзначыў, што для стварэння дакумента былі выкарыстаны 1355 паправак.

Удзельнікам сінадальнай асамблеі быў прадстаўлены і прачытаны таксама чарнавы варыянт дэкларацыі Сінода аб сітуацыі сем’яў на Блізкім Усходзе, які яшчэ знаходзіцца на стадыі пераапрацоўкі. Магчыма, гэта пасланне будзе апублікавана 24 кастрычніка.

Падчас пасяджэння 23 кастрычніка Айцы Сінода мелі магчымасць свабодна выказвацца адносна чарнавога варыянту Канчатковага дакладу Сінода. Свае прапановы па зменах у дакуменце яны перадалі ў пісьмовай форме ў Сакратарыят Сінода. З іх улікам будзе складзены канчатковы дакумент, які прадставяць 24 кастрычніка. Затым пройдзе галасаванне па кожным з яго параграфаў.

Кс. Ламбардзі паінфармаваў, што адносна чарнагова ватыянту Канчатковага дакалалу прагучала 51 выступленне. Ён не падзяліўся іх зместам, паколькі дакумент яшчэ не мае публічнага характару, але адзначыў, што Айцы Сінода лічаць тэкст Канчатковага дакладу больш задавальняючым у параўнанні з тэкстам “Instrumentum Laboris”, які быў больш фрагментарным, менш упарадкаваным і лагічным.

Кіраўнік Залы Друку заўважыў, што сярод заўваг, якія тычыліся розных сфер, значную частку складалі тэмы адносін паміж сумленнем і маральным законам.








All the contents on this site are copyrighted ©.