2015-10-23 14:23:00

400 прадстаўнікоў рэлігій збяруцца ў Ватыкане


Адмысловая міжнародная канферэнцыя з удзелам каля 400 дэлегатаў з усяго свету пройдзе ў Ватыкане. Такім чынам тут адзначаць 50-ю гадавіну абвяшчэння II Ватыканскім Саборам дэкларацыі “Nostra Aetate”. Саборны дакумент аб адносінах Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій – самы кароткі, і адзін з самых важных – быў абвешчаны 28 кастрычніка 1965 г. Ён стварыў новыя тэндэнцыі ў адносінах Каталіцкага Касцёла з іншымі рэлігіямі.

Трохдзённая сустрэча 26-28 кастрычніка арганізавана сумесна Папскай радай па міжрэлігійным дыялогу і Камісіяй па рэлігійных кантактах з юдаізмам, якая дзенічае ў рамках Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. На ёй збяруцца некалькі соцень прадстаўнікоў розных рэлігій. У сераду 27 кастрычніка яны будуць прысутнічаць на агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане і сустрэнуцца з Папам.

Дэкларацыя “Nostra Aetate” адкрыла Каталіцкі Касцёл да дыялогу з вялікімі рэлігіямі свету. Ён выразна прызнаў пэўныя станоўчыя каштоўнасці нехрысціянскіх напрамкаў веры і прапанаваў ім супрацоўніцтва ў важных задачах чалавецтва. Гэты дакумент, выказваючы павагу да розных вераванняў і рэлігій, згадвае такія рэлігіі, як іслам і будызм, а юдаізму прысвячае асобны шырокі раздзел. У дэкларацыі сцвярджаецца, што Касцёл адхіляе як чужыя духу Хрыста дыскрымінацыю або пераслед людзей, якія робяцца па прычыне паходжання ці колеру скуры, сацыяльнага статусу або рэлігіі.
 
За год да абвяшчэння дэкларацыі – 19 мая 1964 г. Павел VI устанавіў Сакратарыят для не-хрысьціянаў, які ў выніку рэформы Рымскай курыі 1988 года змяніў сваю назву на Папскую раду па міжрэлігійным дыялогу .








All the contents on this site are copyrighted ©.