2015-10-21 14:17:00

Трынаццаць сінадальных груп прадставілі даклады


Сінод Біскупаў уступіў у фазу падрыхтоўкі Канчатковага дакладу, які будзе прадстаўлены для галасавання на пленарным пасяджэнні ў суботу 24 кастрычніка 2015 г. Затым дакумент перададуць Пантыфіку, які вырашыць яго далейшы лёс. 20 кастрычніка ў другой палове дня трынаццаць рабочых груп прадставілі свае даклады адносна трэцяй часткі “Instrumentum Laboris” на тэму місіі сям’і ў сучасным свеце.

У дакладах гучыць меркаванне аб неабходнасці прыняцця і суправаджэння “параненых сем’яў”, у адпаведнасці з “педагогікай міласэрнасці”, але і дактрынай Касцёла. Для рэалізацыі такога падыходу былі прапанаваны розныя рашэнні. Некаторыя з сінадальных айцоў мяркуюць, што аналіз асобных выпадкаў трэба даверыць мясцоваму біскупу або епіскапату. Іншыя настойваюць на тым, што дадзенае пытанне дактрынальнае і таму знаходзіцца ў кампетэнцыі Сабора, а не Сінода Біскупаў. Прагучала таксама меркаванне, што нядаўняе рашэнне Папы па спрашчэнні “сужэнскага” працэсу з’яўляецца добрым прыкладам эфектыўнай блізкасці да людзей, якія перажываюць цяжкасці.

У дакладах закранаецца тэма так званага “шляху пакаяння” для разведзеных, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, праходжанне якога, на думку некаторых удзельнікаў Сінода, можа даць ім магчымасць прыняцця св. Камуніі. Было заўважана, што, паколькі асамблея мае кансультатыўны характар, дадзенае пытанне ляжыць у кампетэнцыі Пантыфіка. Прагучала прапанова стварыць адмысловую камісію па вывучэнні дадзенага пытання.

Агульнай пазіцыяй рабочых груп стала поўнае выключэнне ўсынаўлення дзяцей гомасексуальнымі парамі і непрыняцце прыраўноўвання сужэнства паміж мужчынам і жанчынай да гомасэксуальных саюзаў.

У дакладах вельмі востра гучыць тэма падрыхтоўкі да сакрамэнту сужэнства. Яна павінна быць стараннай, сканцэнтраванай вакол Божага слова і падзеленай на тры этапы: пачынацца падрыхтоўка павінна задоўга да сужэнства, працягвацца ў яго чаканні і завяршацца ў непасрэднай блізкасці да яго.

Асобнай тэмай стала мова, на якой Касцёл размаўляе з сённяшнімі сужэнствамі. Яна павінна ператварыцца са статычнай у дынамічную, якая б дазволіла зрабіць вучэнне даступным для ўсіх, не змяняючы яго, і такім чынам адкрыць новы этап дыялогу з сем’ямі. У дакладах падкрэсліваецца важнасць напаміну пра прыгажосць і радасць сексуальнасці і цялеснасці ў сужэнскім жыцці.

Так званыя “змешаныя сужэнствы”, дзе муж і жонка з’яўляюцца вернікамі розных хрысціянскіх канфесій, нясуць у сабе сапраўдны экуменічны патэнцыял.

Айцы Сіноду з павагай паставіліся да асоб, якія пражываюць сумесна ў так званых грамадзянскіх саюзах. Было прапанавана, заўважаючы і не хаваючы ўсіх парушэнняў такіх саюзаў, засяродзіцца на станоўчых аспектах, якія могуць прывесці да сакрамэнтальнага сужэнства.

Асобна было прапанавана ацаніць мужнасць жанчын, якія сталі ахвярамі гвалту, але вырашылі нарадзіць дзіцё, нягледзячы на ўсе сацыяльныя забабоны.

Трэцяя частка “Instrumentum Laboris” была названа ўдзельнікамі Сінода дастаткова “неарганічнай”; было прапанавана чаткова “рэарганізаваць”, а часткова перапісаць яе для далейшага фарміравання Канчатковага дакладу і перадачы Святому Айцу.








All the contents on this site are copyrighted ©.