2015-10-20 12:20:00

Святы Пасад нагадаў пра правы карэнных народаў


Святы Пасад заклікаў да абароны правоў карэнных народаў і іх больш актыўнага ўдзелу ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Арцыбіскуп Бернарзіта Ауса, пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН, гаварыў пра гэта на Генеральнай Асамблеі 19 кастрычніка 2015 г. Ён нагадаў пра “калектыўную адказнасць за дабрабыт нашых субратоў і за свет” і заахвоціў не толькі “нарошчваць намаганні па падтрымцы і абароне правоў чалавека, ідэнтычнасці, культуры і традыцый карэнных народаў”, але і прымаць пад увагу іх “традыцыйную мудрасць і досвед”.

Ватыканскі дыпламат зацытаваў папу Францішка і яго новую энцыкліку “Laudato Si'”, дзе ён кажа пра важнасць асаблiвага клопату пра карэнныя супольнасці і іх культурныя традыцыі. Паводле Пантыфіка, гэтыя групы з’яўляюцца не толькі аднымі з меншасцяў, але павінны стаць асноўнымі партнёрамі па дыялогу.

Так званы “Парадак дзеяння да 2013 года” – план ААН па пераадоленні галечы – павінен уключыць і карэнныя народы, каб, па-першае, дапамагчы ім самім пераканацца, што яны не забытыя, а па-другое, забяспечыць міжнародную супольнасць важным пунктам гледжання на клопат пра планету, паколькі традыцыя карэнных народаў “характарызуецца глыбокай павагай да прыроды як дару”. Гэта добры прыклад для сучаснай практыкі, звычак і тэндэнцый, якія часта выражаюцца ў эгаістычным спажывальніцтве і наносяць шкоду навакольнаму асяроддзю, падкрэсліў арцыбіскуп Ауса.

Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пра ААН заахвоціў да распрацоўкі і захавання справядлівых законаў, якія маюць на мэце рэгуляванне адносін паміж карэннымі народамі і здабыўной прамысловасцю. Ён заклікаў міжнародных, нацыянальных і мясцовых палітыкаў да паважання правоў карэнных народаў на іх радзіме.

Ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што рэалізацыя права на развіццё карэнных малалікіх народаў можа быць забяспечана толькі, калі яны самі будуць мець права голасу ў гэтым пытанні. І гэта жыццёва важна, паколькі гаворка тут ідзе пра захаванне і нават выжыванне іх самабытнасці і спадчыны.

Арцыбіскуп Ауса заявіў аб прыхільнасці Святога Пасада “да комплекснага развіцця карэнных народаў свету” і пацвердзіў перакананасць у іх “цэнтральнай ролі ў дзейнасці Арганізацыі Аб’яднаных Нацый”.








All the contents on this site are copyrighted ©.