2015-10-20 14:54:00

Ватыканскі кардынал пракаментаваў сінадальныя дэбаты


Удзяленне св. Камуніі разведзеным, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, магчыма толькі ў асобных і выключных выпадках, сказаў кардынал Герхард Людвіг Мюлер. Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння ў інтэрв’ю нямецкаму штотыднёвіку “Focus” папярэдзіў, аднак, што не магчымы ніякі агульны прынцып, які б дапускаў да св. Камуніі асоб у такой сітуацыі.

Нямецкі кардынал указаў на пункт 84-ы Апостальскай адгартацыі “Familiaris Consortio” Яна Паўла II ад 1981 г. На яго думку, у некаторых выпадках, згодна з сумленнем, можна даць такі дазвол, і ў гэтым кірунку можна працягваць весці абмеркаванне па гэтым пытанні. Ён падкрэсліў, што гэта павінна адбывацца з “тэалагічна адказных пунктаў гледжання”.

Прымірэнне ў сакрамэнце пакаяння – што адкрыла б шлях да эўхарыстычнай камуніі – можа быць даступна толькі тым, хто раскайваецца, што парушыў знак запавету і вернасці Хрысту і шчыра гатовы да ладу жыцця, які не супярэчыць непарыўнасці сужэнства, падкрэсліў кардынал-прэфект. Гэта азначае, што мужчына і жанчына, якія па ўважлівых прычынах – напрыклад, выхаванне дзяцей – не ў стане расстацца, прымаюць рашэнне “жыць у поўным ўстрыманні, што значыць, устрымлівацца ад актаў, уласцівых толькі сужонкам”, удакладніў ён.

Удзяленне св. Камуніі разведзеным католікам, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, з’яўляецца адной з тэм праходзячага ў Ватыкане Сінода Біскупаў на тэму “Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце”. У гэтым кантэксце Айцы Сіноду разглядаюць формы душпастырства асоб у такой сітуацыі, якое б не парушала вучэння Касцёла аб непарыўнасці сакрамэнтальнага сужэнства.








All the contents on this site are copyrighted ©.