2015-10-20 15:07:00

Ватыканскі дыпламат пра стратэгію міру на Блізкім Усходзе


Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Галахер прыняў удзел у канферэнцыі на тэму “Рэлігійны і культурны плюралізм і мірнае суіснаванне на Блізкім Усходзе”, якая 18-20 кастрычніка 2015 г. прайшла ў Афінах.

У сваім выступленні ватыканскі дыпламат асаблівым чынам адзначыў станоўчы прыклад Лівана ў блізкаўсходнім кантэксце, нягледзячы на палітычны крызіс у гэтай краіне. Ён нагадаў, што гэта краіна з’яўляецца ўзорам мірнага суіснавання паміж прадстаўнікамі розных культур і рэлігій і, нягледзячы на існуючыя цяжкасці, “працягвае даваць сведчанне таго, што супольнае дабро патрабуе ўдзелу і супрацоўніцтва паміж ўсімі, што гармонія і мірнае суіснаванне заснаваны на павазе да годнасці, уласцівай кожнай чалавечай асобе”. Вырашэнне канстытуцыйнага крызісу ў Ліване важнае для ўсяго Блізкага Усходу, сказаў ён.

Паводле прадстаўніка Апостальскай Сталіцы, павага да правоў чалавека і асабліва свабоды рэлігіі і сумлення – гэта найбольш эфектыўная стратэгія для дасягнення супольнага дабра, якое ўяўляе сабой аснову сацыяльнай гармоніі. У арабскім свеце хрысціяне гатовы супрацоўнічаць са сваімі мусульманскімі суграмадзянамі ў будаванні супольнасці, дзе будуць паважацца правы кожнага, сказаў арцыбіскуп Галахер.

Дыпламат звярнуў увагу на важнасць спрыяння “дэмакратычнай культуры” на Блізкім Усходзе, якая не абмяжоўвацца толькі выбарчым працэсам, але ўключае ў сябе развіццё прававой дзяржавы. Усе павінны быць аднолькавымі перад законам, а дзяржаўныя структуры павінны знаходзіцца на службе людзям. Ён таксама звярнуў увагу на такі вынік свабодных выбараў, як легітымізацыя экстрэмісцкіх і фундаменталісцкіх ідэалогій.

Арцыбіскуп Галахер падкрэсліў важнасць “здаровай свецкасці”, звязанай з вызваленнем рэлігіі ад уплыву палітыкі, а таксама інструменталізацыі рэлігіі палітыкамі. Гэта пойдзе на карысць абодвум бакам, лічыць ватыканскі дыпламат.








All the contents on this site are copyrighted ©.