Супраць свабоды дзеяння мясцовых епіскапатаў у пытанні разведзеных, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, выказаўся кардынал Джордж Пэл. “Касцёл не можа двум людзям у адной і той жа сітуацыі сказаць у Польшчы, што прыняцце св. Камуніі з’яўляецца святатацтвам, а ў некалькіх кіламетрах далей у Германіі, што гэта крыніца ласкі”, - сказаў прэфект ватыканскага Сакратарыяту па эканамічных справах у інтэрв’ю французскай газеце “Le Figaro”. Ён падкрэсліў, што “хоць у нас ёсць розныя тэалогіі, але толькі адна дактрына”.
Некаторыя ўдзельнікі Сінода Біскупаў, які праходзіць у Ватыкане на тэму сужэнства і сям’і, выказаліся за перадачу большых паўнамоцтваў у гэтым пытанні нацыянальным біскупскім канферэнцыям. Аб гэтым казаў у мінулую суботу на сустрэчы ў зале Паўла VI, прысвечанай святкаванню 50-годдзя ўстанаўлення Сінода Біскупаў, Францішак. Хоць Папа не паказаў на канкрэтныя прыклады.
Кардынал Пэл адзначыў, што прыхільнікі ўдзялення св. Камуніі разведзеным, якія жывуць у новых саюзах, складаюць меншасць на Сінодзе.
Аўстралійскі іерарх, які ўваходзіць у склад Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам, чакае ад Сіноду большай тэалагічнай яснасці. “Мы з’яўляемся сведкамі трэцяй сімвалічнай тэалагічнай бітвы паміж двума нямецкімі тэолагамі і двума поглядамі, з аднаго боку Каспера, а з другога – Ратцынгера”, - сказаў кардынал Пэл. Ён выказаў надзею на тое, што ў канцы Сінода ўсё будзе ясна.
Ватыканскі іерарх абверг паведамленні, што ён быў аўтарам ліста кардыналаў да Папы, аб якім паведамлялі італьянскія СМІ, дзе гучыць занепакоенасць, што Сінодам маніпулююе група касцёльных рэфарматараў. Ён прызнаўся, што толькі падпісаў ліст.
All the contents on this site are copyrighted ©. |