2015-10-19 13:02:00

Папа пра каштоўнасць спадчыны кардынала Марціні


“Спадчына, якую пакінуў кардынал Марціні – гэта каштоўны дар. Яго жыццё, дзеі і словы вылілі надзею і падтрымалі многіх людзей на іх шляху пошука”, - напісаў папа Францішак у прадмове да першай кнігі з поўнага збору твораў былога арцыбіскупа Мілана, выдадзенай у Італіі па ініцыятыве газеты “Corriere della sera”. Яна з’явіцца на паліцах кнігарняў 22 кастрычніка 2015 г.

Паводле Францішка, кардынал Марціні падштурхоўваў глядзець далей за межы, якія ўстаяліся. Ён спрыяў місійнасці Касцёла, яго выйсцю насустрач людзям, а не закрытасці ў сабе, а таксама дазволіў заззяць паўсюднаму пасланню Евангелля, якое нясе святло і натхненне для ўсіх людзей.

“Яго сведчанне – гэта заклік да сумеснага разважання аб спосабах, якімі будуем будучыню нашай планеты. Яно можа аказаць вялікую дапамогу ў свеце моцна пазначаным сіламі, што нясуць рознагалосіі і дэгуманізацыю”, - напісаў Святы Айцец.

Кардынал Карла Марыя Марціні быў адной з найвыбітнейшых постацяў у Каталіцкім Касцёле ў Італіі. Ён прыналежаў да Ордэна Езуітаў і кіраваў Міланскай архідыяцэзіяй на працягу 23 гадоў. Будучы выдатным біблеістам і экзэгетам ён напісаў не адзін дзесятак кніг прысвечаных Святому Пісанню, духоўнасці, веры ў сучасным свеце. Кардынал Марціні адышоў у вечнасць 31 жніўня 2012 г. 








All the contents on this site are copyrighted ©.