2015-10-19 12:15:00

Пантыфік: прывязанасць да грошай раздзяляе сем’і


Езус асуджае не багацці, а прывязанасць да іх, якая раздзяляе сем’і і правакуе войны, сказаў папа Францішак 19 кастрычніка 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік нагадаў, што нельга служыць двум гаспадарам: Богу і багаццям, а неабходна зрабіць паміж імі выбар. 

Езус, “не супраць багаццяў саміх па сабе”, але папярэджвае, што празмернае спадзяванне на грошы пераўтварае рэлігію ў “страхавую кампанію”. Больш за тое, прывязанасць да грошай нясе падзелы, як кажа Евангелле ў апавяданні пра “двух братоў, якія спрачаліся за спадчыну”, заўважыў Святы Айцец.

“Падумаем пра тое, колькі сем’яў мы ведаем, якія спрачаюцца, спрачаюцца, не вітаюцца, ненавідзяць адна адну па прычыне спадчыны. Гэта адзін з гэтых выпадкаў. Больш важнымі тут з’яўляюцца не любоў у сям’і, любоў да дзяцей, братоў, бацькоў, але грошы. І гэта знішчае. Таксама і войны, якія мы сёння бачым. Канешне, існуюць ідэалы, але за імі стаяць грошы: грошы гандляроў зброяй, грошы тых, хто зарабляе на вайне”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў пра небяспеку прагнасці. Можна маліцца і хадзіць у касцёл, але адначасова мець сэрца прывязанае да багаццяў і напрыканцы закончыць кепска, заўважыў ён.

Святы Айцец паставіў у прыклад евангельскага багатага чалавека, які быў “выдатным прадпрымальнікам” і зарабіў шмат грошай, але замест таго, каб падзяліцца імі са сваімі работнікамі, вырашыў пабудаваць яшчэ большыя сховішчы для іх. “Заўсёды больш. Прага прывязанасці да багаццяў не заканчваецца ніколі”, - сказаў Пантыфік. Ён падкрэсліў, што ў такой сітуацыі багацці становяцца бажком чалавека.

Шляхам збаўлення, аднак, з’яўляюцца благаслаўленні, першае з якіх кажа пра “беднасць духам”, гэта значыць заклікае не быць прывязанымі да багаццяў, “якія павінны служыць іншым, якімі трэба дзяліцца, каб дапамагаць развівацца людзям”.

Паводле Францішка, знакам адсутнасці прывязанасці да багаццяў у чалавека з’яўляецца міласціна, якую ён з ахвотай дае. “Гэта добры знак. Гэта значыць, што большай з’яўляецца любоў да Бога, чым прывязанасць да багаццяў”, - сказаў Папа і заклікаў вернікаў адказаць для сябе на тры пытанні: “Ці даюць міласціну?”, “Колькі даюць?” і “Як даюць: Як Езус, з пяшчотай любові ці нібыта плацячы падаткі?”.








All the contents on this site are copyrighted ©.