2015-10-19 14:08:00

Кардынал абверг чуткі аб маніпуляцыях Сінодам


Канспіралагічныя версіі аб маніпуляцыях Сінодам Біскупаў катэгарычна абверг амерыканскі кардынал Дональд Вюрл. “Я не ведаю нічога на тэму таго, што 13 працоўных груп і тыя, хто імі кіруе, якім-небудзь чынам маглі б быць маніпуляваны”, - сказаў арцыбіскуп Вашынгтона ў інтэрв’ю штотыднёвіку езуітаў ЗША “America”. Пурпурат падкрэсліў, што мадэратары і рэлятары моўных груп на Сінодзе былі выбраны на гэтыя пасады.

Кажучы аб камісіі, якая будзе рэдагаваць выніковы дакумент асамблеі, амерыканскі іерарх станоўча адзначыў рашэнне аб пашырэнні складу яе членаў. “Такой камісіі не існавала ў мінулым”, - сказаў ён і дадаў, што раней над рэдагаваннем справаздачы Сінода працавалі толькі генеральны рэлятар і спецыяльны сакратар, якія прызначаліся Папам. Сам пурпурат уваходзіць у склад гэтай камісіі.

У інтэрв’ю італьянскай “La Stampa”, пурпурат станоўча адзначыў змену методыкі Сінода Біскупаў. Ён заўважыў, што цяпер большасць часу праходзіць не за слуханнем дакладаў, але ў дыскусіях паміж удзельнікамі асамблеі.

Каментуючы адно з самых вострых пытанняў, якое ўздымаецца на Сінодзе, а менавіта аб магчымасці прыняцця св. Камуніі разведзенымі, якія ўступілі ў новыя несакрамэнтальныя саюзы, пурпурат сказаў, што станоўчы вынік ўжо дасягнуты: стала ясна, што папа Францішак жадае, каб у Касцёле былі выслуханы турботы ўсіх. “Я не ведаю, што адбудзецца напрыканцы гэтага тыдня. Мне здаецца, што вынік Сінода, гэта сказаць усяму свету, што ў Каталіцкім Касцёле можна дыскутаваць, а прынцып любові Божай з’яўляецца нормай. Мы павінны зразумець, як наблізіць людзей да Бога”, - сказаў ён.

Кардынал Вюрл нагадаў, што за апошнія дзесяцігоддзі “цунамі секулярызацыі” моцна змяніла абліччам заходняй культуры і ў гэтым кантэксце Папа заклікае біскупаў задаваць сабе пытанні, як дзейнічаць далей, нават калі ёсць невялікая група, якая не жадае нават іх абмяркоўваць.








All the contents on this site are copyrighted ©.