2015-10-17 15:24:00

Апублікавана праграма падарожжа Папы ў Афрыку


17 кастрычніка 2015 г. была апублікавана праграма Апостальскага падарожжа папы Францішка ў Кенію, Уганду і Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку. Візіт будзе працягвацца з 25 па 30 лістапада 2015 г. Ён пачнецца са сталіцы Кеніі, Найробі. Тут Папа сустрэнецца з кіраўніцтвам краіны і дыпламатамі, прыме ўдзел у міжрэлігійнай і экуменічнай сустрэчы, узначаліць св. Імшу, звернецца да мясцовага духавенства і манаскіх асобаў, наведае структуру ААН і адзін з бедных сталічных раёнаў, а таксама правядзе спатканні з моладзю і епіскапатам.

27 лістапада Францішак прыбудзе ва Уганду. Акрамя традыцыйных сустрэч з Прэзідэнтам, палітыкамі і членамі дыпламатычнага корпуса, Святы Айцец наведае два санктуарыі, прысвечаныя мясцовым каталіцкім і англіканскім мучанікам. Папа спаткаецца з катэхетамі, моладзю, наведае адзін з дабрачынных цэнтраў, сустрэнецца з духавенствам.

29 лістапада Пантыфік пачне візіт у Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку. Пасля сустрэчы з палітычным кіраўніцтвам краіны ён наведае лагер для бежанцаў. У праграму ўключана спатканне з мясцовымі біскупамі і пратэстанскай супольнасцю. Папа будзе цэлебраваць Эўхарыстыю разам з мясцовым духавенствам, а закончыць дзень удзелам у малітоўным чуванні моладзі, падчас якога ўдзеліць сакрамэнт споведзі некаторым юнакам і дзяўчатам. 

30 лістапада Францішак наведае мусульнаскую супольнасць у сталіцы Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, Бангі і ўзначаліць св. Імшу на стадыёне спартыўнага комплексу імя Бартэлемі Баганды. Пасля гэтага пакіне краіну і накіруецца ў Рым.








All the contents on this site are copyrighted ©.