2015-10-16 11:52:00

Папа скіраваў пасланне на Сусветны дзень харчавання


У сваім пасланні да генеральнага дырэктара Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО) Жазэ Грацыяну да Сілвы, апублікаваным 16 кастрычніка 2015 г., у Сусветны дзень харчавання, папа Францішак нагадаў пра шматлікіх людзей, якія пакутуюць сёння ад голаду і недаядання па прычыне нераўнамернага размеркавання пладоў зямлі і адсутнасці развіцця сельскай гаспадаркі. Мы жывем у эпоху “шалёнай пагоні за прыбыткам” і “засяроджання на прыватных інтарэсах”, падкрэсліў Пантыфік і заклікаў ФАО “знайсці сродкі для вызвалення чалавецтва ад голаду”. “Гэта, вядома, амбіцыйная мэта, але тэрміновая”, - лічыць Францішак. Ён чарговы раз нагадаў пра “культуру выключэння”, якая спіхвае на ўзбочыну грамадскага жыцця многіх людзей.

Святы Айцец узгадаў тэму сёлетняга Сусветнага дня харчавання: “Сацыяльная абарона і сельская гаспадарка: раздзіраючы заганны круг сельскай галечы”, і нагадаў, што яна “падкрэслівае адказнасць за дзве траціны сусветнага насельніцтва”. Самае трывожнае тое, што “большасць з гэтых людзей жывуць у найбольш бедных раёнах сваіх краін”. “Вынік працы гэтых асоб залежыць у асноўным ад умоў навакольнага асяроддзя, якія часта ляжаць па-за іх кантролем”. Пантыфік заклікаў задаць пытанне, ці гэта нармальна, калі рэсурсы знаходзяцца ў руках нямногіх, а абяздоленыя вымушаны збіраць толькі кавалкі?

Сацыяльная абарона, паводле Пантыфіка, не можа абмяжоўвацца толькі да магчымай пагрозы грамадскаму парадку, паколькі “няроўнасць тычыцца асноў індывідуальнага і калектыўнага дабрабыту”. “Антрапалагічная ж перспектыва, - дадаў Папа, - паказвае, што сацыяльная абарона не можа быць абмежавана ростам даходаў або скарачэннем інвестыцый у сродкі да існавання для павышэння прадуктыўнасці сельскай гаспадаркі і прасоўвання справядлівага эканамічнага развіцця”. 

Найбольш абяздоленыя, гэта людзі, а не лічбы, і яны патрабуюць нашай падтрымкі, каб быць у стане глядзець у будучыню як мінімум з надзеяй, падкрсэліў Святы Айцец і дадаў, што тут патрэбна, перш за ўсё, салідарнасць, якая палягае на канкрэтных жэстах і супольнай працы, а не толькі больш эфектыўным кіраванні сацыяльнымі і эканамічнымі рызыкамі. Менавіта “сацыяльная любоў” з’яўляецца ключом да сапраўднага развіцця.

Касцёл не мае місіі лячэння гэтых праблем непасрэдна з тэхнічнага пункту гледжання, звярнуў увагу Францішак. Тым не менш, дадаў ён, чалавечыя аспекты гэтых сітуацый не могуць пакінуць яго абыякавым. Тут гаворка ідзе аб супрацьдзеянні выпадкам несправядлівасці, калі абражаецца чалавечая годнасць. 

Папа заклікаў не ўпадаць у песімізм і натхняцца тым, што было дасягнута да гэтага часу. Ён выказаў надзею на рэалізацыю “іншай мадэлі сацыяльнай абароны, на міжнародным і нацыянальным узроўнях”, якая дазволіць пазбегнуць таго, што супярэчыць чалавечай годнасці і жыццю, вырашыць праблему няроўнасці. Францішак запрасіў кожнага, на меру сваіх магчымасцяў, жыць у духу сапраўднага служэння іншым.








All the contents on this site are copyrighted ©.