2015-10-16 13:51:00

На Сінодзе завяршыліся выступленні ўдзельнікаў


Падчас 11-й Генеральнай кангрэгацыі Сінода Біскупаў, якая прайшла 15 кастрычніка 2015 г. у Ватыкане, зноў прагучала пытанне аб неабходнасці належнай падрыхтоўкі да сужэнства, якая павінна разумеецца як падарожжа веры, што прыводзіць да сустрэчы з Хрыстом. Яна павінна ўключаць і “сексуальнае выхаванне”, якое мае сёння шмат недахопаў у дзяржаўных школах, дзе назіраецца “феномен трывіялізацыі” гэтай тэмы і яе абмежаванне да выкарыстання кантрацэптываў. Трэба прадстаўляць хрысціянскае бачанне сексуальнасці і кахання, якое ўключае, у тым ліку, і цнатлівасць.

У сінадальнай зале гаворка ішла пра неабходнасць абароны годнасці дзіцяці і правоў яго біялагічных бацькоў, а таксама пра прысвячэнне большай увагі душпастырскаму клопату пра “дзяцей вуліцы”, дапамагаючы бедным сем’ям у адукацыі апошніх. Удзельнікі закранулі тэму адказнага бацькоўства і пракрэацыйнага вымярэння сужэнскай любові. Было ўзгадана вучэнне энцыклікі Паўла VI “Humanae Vitae”, дзе чалавечая сексуальнасць прадстаўлена ў адпаведнасці з “граматыкай” дару з сябе і інтэграцыі паміж біос, эрас і агапэ. На жаль, як было адзначана, сёння рэдка пастыры здольныя суправаджаць сем’і ў гэтай галіне: многія з іх бянтэжацца, калі гаворка заходзіць пра значэнне кахання, і абмяжоўваюцца маральнымі догмамі, заўважылі Айцы Сінода.

У рамках тэмы пракрэацыі ўвага была звернута на небяспеку абартыўных сродкаў і метадаў штучнага апладнення. У гэтай вобласці пануе шмат дэзінфармацыі, і важна, каб Касцёл стаў тым, хто дасць кваліфікаваную ацэнку гэтым з’явам, этычную і маральную. Тут могуць дапамагчы міждысцыплінарныя каманды спецыялістаў, якія даследуюць праблемы бясплоддзя пар у адпаведнасці з каталіцкай мараллю.

Падчас 11-й Генеральнай кангрэгацыі аднавілася дыскусія вакол допуску да сакрамэнтаў разведзеных, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах. Было падкрэслена, што сужэнская сувязь – непарыўная, і яе прырода не можа быць зменена. Доступ да прыняцця св. Камуніі такімі асобамі можа, у канчатковым рахунку, прывесці да змены ў вучэнні Касцёла, а не толькі ў касцёльнай дысцыпліне. Што тычыцца так званага “шляху пакаяння”, прагучала меркаванне, што апрача навяртання і пакуты, павінна быць пастанова больш не грашыць, што ў выпадку такіх пар азначала б жыццё ва ўстрыманні. Прагучаў заклік больш паглыбіць гэту тэму, і, магчыма, стварыць спецыяльную камісію пад кіраўніцтвам Кангрэгацыі Веравучэння. Было падкрэслена, што Касцёл не выступае супраць міласэрнасці, але яна не можа быць аддзелена ад ісціны і справядлівасці.

На Сінодзе ішла гаворка таксама пра драму прымусовых шлюбаў, дзе часта розніца паміж узростам жаніха і нявесты складае пакаленне і больш, і дзе адзін з сужонкаў непаўнагадовы. Гэта з’ява была названа “мучаніцтвам маўчання”. 

Айцы Сінода згадалі таксама пажылых асоб і іх фундаментальны ўклад у сямейнае і грамадскае жыццё. Грамадства не можа ігнараваць іх і ўспрымаць як непатрэбны цяжар.

З 11-й Генеральнай кангрэгацыяй завяршыліся выступленні ўдзельнікаў у сінадальнай зале. У агульнай складанасці тут выступілі 247 Айцой Сінода. Цяпер праца працягнецца ў рабочых групах, дзе будуць падрыхтаваны даклады па трэцяй частцы “Instrumentum Laboris”.








All the contents on this site are copyrighted ©.