2015-10-15 13:23:00

Святы Айцец пра бескарыслівасць збаўлення


Хрысціянам вельмі складана зразумець бескарыслівасці збаўлення ў Езусе Хрысце, заўважыў папа Францішак 15 кастрычніка 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Пантыфік падкрэсліў, што ўжо св. Павел сутыкнуўся з праблемай данясення гэтай праўды да сваіх сучаснікаў. “Мы прызвычаіліся чуць, што Езус – гэта Сын Божы, што Ён прыйшоў з любові, каб збавіць нас і памёр за нас. Мы чулі пра гэта настолькі часта, што прызвычаіліся да гэтага”, - сказаў Папа і дадаў, што вернікаў часта здзіўляе таямніца бязмежнай любові Бога і яны стараюцца зразумець яе. Святы Айцец заклікаў вернікаў жыць згодна са словамі Хрыста, што стане іх адказам на збаўленне, якое атрымалі з бескарыслівай любові Бога.

Паводле Святога Айца, Езус абураўся на кніжнікаў, за тое, што яны “забралі ключы” пазнання бескарыслівай любові Пана. Не ўніклі ў яе самі і перашкаджалі рабіць гэта іншым. Настаўнікі закона, адзначыў Пантыфік, “думалі, што толькі захоўваючы запаведзі можна збавіцца”, і асуджалі тых, хто рабіў інакш. Такім чынам яны “абмяжоўвалі Божыя гарызонты і звужалі любоў Бога да вымярэння кожнага з нас”. З гэтым, паводле Францішка, змагаліся і Езус, і св. Павел.

Папа падкрэсліў, што запаведзі – важныя, але іх абагульненнем з’яўляецца запаведзь любові да Бога і бліжняга. Яна – адзіная, якая адпавядае бескарыслівасці Божага збаўлення і ўключае ў сябе ўсе іншыя. “Калі ты закрыў дзверы і забраў з сабой ключы любові, не будзеш адпавядаць бескарыслівасці збаўлення, таму што любоў – бескарыслівая”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што барацьба з кантролем за збаўленнем не закончылася з Езусам і св. Паўлам. Ён нагадаў, што сёлета адзначаецца 500-годдзе з дня нараджэння св. Тэрэзы Авільскай, якой Бог даў ласку разумення гарызонтаў любові, і якую асуджалі вучоныя яе эпохі. Папа заўважыў, што шмат святых падвяргаліся асуджэнню, бо баранілі любоў, бескарыслівасць збаўлення, каталіцкае навучанне, і паставіў у прыклад св. Жану Д’Арк.








All the contents on this site are copyrighted ©.