2015-10-14 12:17:00

Папа пра абяцанні дарослых дзецям


Падчас агульнай аўдыенцыі 14 кастрычніка 2015 г. папа Францішак заклікаў глядзець на кожнае дзіця вачыма Езуса і прапанаваў падумаць аб абяцаннях, якія дарослыя даюць дзецям. Ён падкрэсліў, што мае на ўвазе не штодзённыя абяцанні, якія маюць на мэце даставіць радасць дзецям ці прымусіць іх паводзіць сябе добра, магчыма з дапамогай нявінных хітрасцяў, каб стымуляваць іх да лепшай вучобы ў школе ці каб спыніць капрызы. “Я кажу пра іншыя абяцанні, самыя важныя, вызначальныя для чаканняў дзяцей адносна жыцця, для іх даверу да людзей, для іх здольнасці разумення імя Божага як благаслаўлення”, - падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец заўважыў, што дарослыя часта бачаць у дзецях уласную будучыню і таму спытаў: ці адносяцца яны па-сапраўднаму сур’ёзна да будучыні саміх дзяцей і моладзі? 

“Адкрытасць і клопат, блізкасць і ўвага, давер і надзея – гэта базавыя абяцанні, якія можна абагульніць адным словам – любоў. (...) Гэта самы правільны спосаб прыняцця чалавечай істоты, якая прыходзіць на свет. І ўсе мы навучаемся яму, яшчэ да таго, як становімся свядомымі гэтага. Мне падабаецца, калі праходжу сярод вас і бачу як бацька ці маці нясуць мне маленькае дзіця для благаслаўлення. Я пытаюся: “Колькі яму?” – “Тры тыдні, чатыры тыдні... І хачу, каб Пан яго благаславіў!”. Гэта называецца любоўю!”, - сказаў Папа.

Паводле слоў Францішка, любоў – гэта абяцанне, якое бацькі даюць дзіцяці ад самага зачацця, і неабходна, каб яно споўнілася ў яго далейшым жыцці.

“Дзеці прыходзяць на свет і спадзяюцца атрымаць пацвярджэнне гэтаму абяцанню: яны чакаюць яго цалкам, з даверам, безабаронна. Дастаткова паглядзець на іх: ва ўсіх народах, усіх культурах, усіх жыццёвых умовах! Калі здараецца адваротнае, калі дзеці паранены нязносным “абурэннем”, абурэннем настолькі цяжкім, што не маюць магчымасці зразумець яго. Не могуць зразумець, што адбываецца. Бог ахоўвае гэта абяцанне, ад самага першага моманту. Памятаеце, што кажа Езус? Анёлы дзяцей адлюстроўваюць позірк Бога, а Бог ніколі не губляе дзяцей з поля зроку. Гора таму, хто здрадзіць іх даверу, гора! Іх давер нашаму абяцанню, які нас забавязвае з самага першага моманту, судзіць нас”, - сказаў Папа.

Францішак дадаў, што спантанны давер дзяцей да Бога ніколі не павінен быць паранены, асабліва, калі адбываецца з прычыны жадання дарослых – часам несвядомага – замяніць сабой Бога для дзіцяці. “Далікатныя і таямнічыя адносіны Бога з душамі дзяцей ніколі не павінны ламацца. Гэта рэальныя адносіны, якіх Бог жадае і якія бароніць. Ад хвіліны нараджэння дзіця гатова да таго, каб быць любімым Богам. Яно яшчэ не ў стане адчуць, што яго любяць самаго ў сабе, але ўжо адчувае, што існуе Бог, які любіць дзяцей”, - сказаў Святы Айцец. 

Напрыканцы сваёй катэхезы Папа падкрэсліў, што толькі гледзячы на дзяцей вачыма Езуса, можна па-сапраўднаму зразумець, што “баронячы сям’ю, мы баронім чалавецтва”. Паводле яго слоў, пункт гледжання дзяцей з’яўляецца пунктам гледжавання Сына Божага. Францішак заклікаў, бачыць Езуса ў кожным дзіцяці, якое Бог пасылае на зямлю. 








All the contents on this site are copyrighted ©.