2015-10-11 16:01:00

Папа: грошы абяцаюць жыццё, а гарантуюць смерць


Немагчыма прымірыць веру і прыхільнасць да мірскіх рэчаў, асабліва багацця, падкрэсліў папа Францішак 11 кастрычніка 2015 г. падчас сваіх разважанняў перад малітвай “Анёл Панскі”. Ён адзначыў, што Бог жадае адарваць чалавека ад гэтых часовых задавальненняў і заклікаў моладзь ісці заўсёды разам з Езусам.

“Сённяшні евангельскі фрагмент, узяты з 10-га раздзелу Евангелля св. Марка, дзеліцца на тры сцэны, вызначаныя трыма позіркамі Езуса. Першая – прадстаўляе спатканне Настаўніка з чалавекам, якога паралельны фрагмент Евангелля св. Мацвея ідэнтыфікуе як “маладога чалавека”, такім чынам, сустрэчу Езуса з юнаком. Ён бяжыць да Езуса, становіцца на калені і называе Яго “Настаўнікам добрым”. Затым ён пытаецца: “Што мне зрабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?” (Мк 10, 17), гэта значыць шчасце. “Вечнае жыццё” – гэта не толькі жыццё пасля смерці, але і жыццё поўнае, інтэгральнае, без абмежаванняў. Што мы павінны зрабіць, каб дасягнуць яго? Адказ Езуса рэзюмуюць запаведзі, якія адносяцца да любові да бліжняга. У гэтым сэнсе маладому чалавеку няма ў чым сябе вінаваціць, але, выразна бачна, што яму не дастаткова захавання прадпісанняў. І Езус адчувае жаданне, якое малады чалавек носіць у сваім сэрцы; таму яго адказ выяўляецца ў інтэнсіўным позірку, поўным любові і пяшчоты. Евангелле апісвае гэта так: “(...) паглядзеўшы на яго, умілаваў яго” (Мк 10, 21). Калі прыбег да Яго, быў на самой справе адважным маладым чалавекам!

Але Езус разумее таксама, што з’яўляецца слабым бокам яго суразмоўцы і робіць канкрэтную прапанову: няхай аддасць ўсю сваю маёмасць бедным і ідзе за Ім. Але сэрца маладога чалавека разрываецца паміж двума гаспадарамі: Богам і грашыма; таму сыходзіць сумны. Гэта паказвае, што вера не можа мірыцца з прыхільнасцю да багацця. Такім чынам, у рэшце рэшт, першапачатковы энтузіязм маладога чалавека скончыўся ў няшчасці адмовы ісці за Панам.

У другой сцэне евангеліст ставіць позірк Езуса ў пэўных рамках, і ў гэты раз гаворка ідзе пра позірк з выразам глыбокай задуменнасці, папярэджання: “Езус паглядзеў навокал і сказаў сваім вучням: Як цяжка будзе тым, хто мае багацце ўвайсці ў Валадарства Божае!” (Мк 10, 23). На здзіўленне вучняў, якія задаюцца пытаннем: “Хто ж можа збавіцца?” (Мк 10, 26), Езус адказвае позіркам заахвоты – гэта трэці позірк – і кажа: “У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога” (Мк 10, 27). Калі мы даверым сябе Пану, зможам пераадолець усе перашкоды, якія не даюць нам ісці за Ім з верай. Даручым сябе Пану – Ён дае нам сілу, Ён суправаджае нас на гэтым шляху.

І такім чынам, мы дайшлі да трэцяга этапу – урачыстага абяцання з боку Езуса: “Сапраўды кажу вам, той, хто пакіне ўсё дзеля Мяне, будзе мець вечнае жыццё і атрымае ў сто разоў больш ужо цяпер (пар. Мк 10, 29-30). Гэта “сто разоў” складаецца з рэчаў, які мы мелі раней і ад якіх адмовіліся, але якія, аднак, памножацца да бясконцасці. Мы пазбаўляем сябе матэрыяльных рэчаў і атрымліваем наўзамен радасць сапраўднага дабра; мы вызваляемся ад рабства рэчаў і атрымліваем свабоду служэння ў любові; мы адмаўляемся ад валодання і атрымліваем радасць дарэння. Гэта тое, што казаў Езус: больш радасці ў тым, каб даваць, чым браць.

Малады чалавек не дазволіў, каб яго ахапіў погляд Езуса, напоўнены любоўю, і таму ён не мог змяніцца. Толькі прымаючы са сціплай удзячнасцю любоў Пана, мы вызваляемся ад спакус ідалаў і слепаты нашых ілюзій. Грошы, задавальненне, поспех асляпляюць, але потым настае расчараванне: абяцаюць жыццё, а гарантуюць смерць. Пан просіць нас адмежавацца ад гэтых ілжывых багаццяў, каб увайсці ў сапраўднае жыццё – жыццё поўнае, аўтэнтычнае, бліскучае. І я пытаю вас, маладыя людзі, хлопцы і дзяўчаты, што цяпер стаіцё на плошчы: Ці вы адчулі на сабе позірк Езуса? Што вы хочаце адказваць? Жадаеце пакінуць гэту плошчу з радасцю Езуса ці смуткам часовых рэчаў?

Няхай Панна Марыя дапаможа нам адкрыць нашы сэрцы для любові Езуса, Які адзін можа задаволіць нашу смагу шчасця”, - сказаў Святы Айцец.

Пасля марыйнай малітвы Папа традыцыйна прывітаў пілігрымаў, якія прыбылі ў Рым з розных частак свету, і папрасіў іх аб малітве за сябе.








All the contents on this site are copyrighted ©.