2015-10-09 10:59:00

Папа заклікаў удзельнікаў Сінода маліцца аб міры


Падчас адкрыцця чацьвёртай агульнай кангрэгацыі Сінода Біскупаў 9 кастрычніка 2015 г. папа Францішак звярнуўся з заклікам аб малітве ў інтэнцыі міру на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы. Святы Айцец выказаў сваю салідарнасць з народамі краін, ахопленых канфліктамі і заклікаў міжнародную супольнасць прыкласці намаганні для іх спынення.

“Мы балюча ўражаны і з вялікім хваляваннем сочым за тым, што адбываецца ў Сірыі, Іраку, Іерусаліме і на Заходнім беразе ракі Іардан, дзе бачым эскалацыю насілля, якое ахоплівае грамадзянскае насельніцтва, нявінных і ў вялізарных прапорцыях працягвае паглыбляць гуманітарны крызіс. Вайна нясе разбурэнні і памнажае пакуты народаў. Надзея і прагрэс прыходзяць толькі, калі выбіраецца мір”, - сказаў Папа.

Францішак прапанаваў сабраным у Ватыкане іерархам злучыцца ў гарачай і даверлівай малітве да Пана, каб яна стала выразам блізкасці да Патрыярхаў і біскупаў з Блізкага Усходу, іх святароў і вернікаў, і ўсяго насельніцтва рэгіёна. Папа заклікаў міжнародную супольнасць выкарыстаць усе інструменты міжнароднага права і дыпламатыі для вырашэння трываючых канфліктаў. Напрыканцы свайго звароту Святы Айцец заклікаў біскупаў маліцца за пакутуючыя ад насілля народы афрыканскага кантыненту.








All the contents on this site are copyrighted ©.