2015-10-09 11:49:00

Мітрапаліт Кандрусевіч павіншаваў Святлану Алексіевіч


Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў Святлану Алексіевіч з атрыманнем Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры за 2015 г. Адпаведнае пасланне беларускі арцыпастыр скіраваў 8 кастрыніка з Ватыкана, дзе знаходзіцца па прычыне ўдзелу ў Сінодзе Біскупаў на тэму “Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце”. 

“Вашы прасякнутыя пачуццямi цярпення i гуманiзму лiтаратурныя творы атрымалi найвышэйшую ацэнку. Гэта прызнанне Вашай лiтаратурнай дзейнасцi на сусветным узроўнi, а таксама вялiкi гонар для нашай багатай на таленты Бацькаўшчыны Беларусi”, - напісаў у сваім віншаванні іерарх.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі выказаў упэўненасць, што такая высокая мiжнародная ўзнагарода стане для пісьменніцы “новым натхненнем у далейшай творчай дзейнасцi, дапаможа ў выхаваннi новых пакаленняў лiтаратараў-гуманiстаў i заахвоцiць нашых суайчыннiкаў iмкнуцца да новых вышыняў у галiнах навукi, тэхналогii, культуры, мастацтва, лiтаратуры i iншых сферах дзейнасцi чалавека”. “Ад усяго сэрца вiншую Вас, як першага беларускага лаўрэата Нобеля, i жадаю Божага благаслаўлення”, - прыводзіць словы іерарха сайт Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.








All the contents on this site are copyrighted ©.