2015-10-04 13:25:00

Беларусь: 25-годдзе вяртання храма-легенды


4 кастрычніка 2015 г. у парафіі св. Сымона і св. Алены ў беларускай сталіцы – сапраўднае свята. Такім жа восеньскім сонечным днём, толькі 25 год таму, жыхары Мінска атрымалі рашэнне Мінскага гарадскога савета дэпутатаў аб вяртанні вернікам Чырвонага касцёла. На св. Імшу, прысвечаную гэтай знакавай падзеі, прыйшлі таксама сведкі і непасрэныя ўдзельнікі кампаніі па абароне святыні. Адзін з іх, Уладзіслаў Лапо, усё памятае, як зараз. “Дабіваліся, прасілі ўлады, яны дазволілі нібыта, а потым забыліся пра свае абяцанні. Потым сабраліся людзі і аб’явілі галадоўку. Прайшоў дзень, два, нядзеля”, - расказаў парафіянін. 

Барацьба за Касцёл св. Сымона і св. Алены, які яшчэ пасля вайны аддалі пад кінастудыю, а потым перебудавалі пад кіназал, ішла тры гады. І гэта была сапраўды народная ініцыятыва, як і аднаўленне будынку пасля вяртання, паведаміў Ян Вуйцік, таксама старажыл парафіі. “Хто меў якія свае грошы, хто меў пасаду, каб аформіць дакументы ці дапамагчы з будаўнічымі матэрыяламі, усе дапамагалі, чым маглі”, - нагадаў парафіянін.

Сёння на св. Імшы, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дзякавалі ўсім тым, хто наблізіў вяртанне святыні, усім тым, каго зараз ужо няма, але без каго, магчыма, у XXI стагоддзі ў гэтых сценах не гучала б малітва. Трэба зрабіць выснову з тых падзей, адзначыў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё іерарх. “Нам варта ацаніць тое, што ёсць, тыя магчымасці, якія ёсць сёння. Бо, калі раней людям недзе было даведацца пра Бога, то сёння дзеці маюць магчымасць наведваць катэхічныя заняткі, удзельнічаць у розных касцёльных рухах, і гэта вялікая радасць”, - сказаў біскуп.   

Гэтыя чырвоныя вежы ў самым сэрцы горада маўкліва захоўваюць свой, не заўсёды просты лёс, але сёння парафія – не толькі духоўны, але і цэнтр адукацыйнай, асветніцкай і дабрачыннай дзейнасці, адзначыў яе пробашч, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. “У Божы храм прыходзяць розныя людзі, розных прафесій, розных абавязкаў, таму Касцёл павінен даць кожнаму менавіта тое, чаго патрабуе яго душа”, - лічыць святар.

Памятаючы пра вяртанне храма, зараз парафіяне збіраюць подпісы аб перайменаванні вуліцы, на якой знаходзіцца Чырвоны касцёл, з Савецкай на Вайніловіча – у гонар яго фундатара. Як паказвае гісторыя, малітвы вернікаў не застаюцца незаўважанымі. 

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.