2015-10-03 14:15:00

Святы Айцец узначаліў Эўхарыстыю для жандармаў


Пантыфік узначаліў 3 кастрычніка 2015 г. раніцай св. Імшу для асабовага складу Ватыканскай жандармерыі. Яна прайшла ў капліцы Губернатарату Дзяржавы Ватыкан. У сваёй гаміліі Францішак спаслаўся на сцэну з Апакаліпсіса, у якой апісваецца барацьба Божых анёлаў з сатаной. Гэта вайна адбываецца “на працягу ўсёй гісторыі”, кожны дзень – “у сэрцах мужчын і жанчын, у сэрцах хрысціян і нехрысціян”. Там ідзе вайна паміж дабром і злом, і чалавек заўсёды павінен выбіраць, падкрэсліў Папа.

Часта ў хрысціянскай малітве гучыць заклік да Бога, каб бараніў чалавека ад пастак д’ябла. Гэта адзін з метадаў сатаны – ставіць пасткі на чалавека. Гэта сейбіт пастак. Ён ніколі не сее насенне жыцця і адзінства, заўсёды – небяспекі і памылкі, адзначыў Пантыфік. Яшчэ адзін метад – спакушэнне. Ён спакушае з “д’ябальскім шармам”, прымушае нас верыць ва ўсё, умее “прадаваць”. І тут Папа запрасіў узгадаць саракадзённы пост Езуса ў пустыні і спакушэнне Яго д’яблам. Менавіта Езусава пастава – прыклад для кожнага, каб не паддацца тром метадам сатаны: багаццю, якое павольна вядзе да сапсутасці, калі за грошы прадаюць душу, шчасце, жыццё – ўсё; ганарыстасці і ўладзе. І тут усё пачынаецца з дробязяў, заўважыў Папа.

Францішак заклікаў ватыканскіх жандармаў заўсёды прасіць Бога праз заступніцтва Арханёла Міхала, каб бараніў ад пастак і спакусаў сатаны. Чым больш пакорнай будзе служба, тым больш яна будзе плённай і карыснай, заўважыў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.