2015-10-03 15:27:00

Папа: голад пагражае бяспецы чалавецтва


Папа спаткаўся 3 кастрычніка 2015 г. у Ватыкане з прадстаўнікамі італьянскага фонду “Харчовы банк” (Fondazione Banco alimentare), які адзначае сёлета сваё 25-годдзе. Ён падзякаваў арганізацыі за барацьбу з марнаваннем харчовых прадуктаў шляхам распаўсюджвання іх сярод людзей, якія жывуць у нястачы. Гэта вельмі важна, падкрэсліў Францішак, ва умовах, калі голад набраў маштабы “скандалу”, які пагражае жыццю і годнасці шматлікіх людзей. Голад і недаяданне ёсць не толькі ў бедных краінах, але таксама ўсё больш у багатых і развітых грамадствах, заўважыў Святы Айцец і спаслаўся на словы Хрыста: “Я быў галодны, і вы далі мне есці” (Мц 25, 35) і Яго цуд размнажэння хлябоў.

Мы не можам зрабіць цуду, як гэта рабіў Езус. Тым не менш, мы можам зрабіць нешта, каб супрацьставіцца небяспецы голаду, сказаў Папа. І тут трэба пачаць са змены ментальнасці людзей, знішчыць сцены індывідуалізму і эгаізму. Трэба пачаць дзяліцеся тым, што ў нас ёсць з тымі, хто не мае сродкаў, лічыць ён. Не можна забывацца, што галодныя – гэта людзі, а не лічбы ў статыстыцы. 

Пантыфік заклікаў супрацоўнікаў і валанцёраў Фонду быць для бедных братамі і сябрамі, даць ім адчуць, што яны важныя ў вачах Бога.








All the contents on this site are copyrighted ©.