2015-10-03 13:26:00

Кардынал-прэфект: гэты Сінод важны для нашай будучыні


Кардынал Герхард Людвіг Мюлер перасцерагае перад сродкамі масавай інфармацыі, якія навязваюць грамадскай думцы ідэалогію гендэр. Па словах прэфекта Кангрэгацыі Вервучэння сёння можна казаць пра медыя-таталітарызм. У адносінах да грамадства СМІ паводзяць сябе па-дыктатарску. Ідэалогія, якую яны навязваюць, прыводзіць да поўнай дэградацыі чалавека, мае цяжкія наступствы для дзяцей, моладзі і сужэнстваў.

У гэтым кантэксце Касцёл павінен абараняць годнасць чалавека, якая мае сваю аснову ў Богу Створцы, Які дае нам сваю ласку і ўсё неабходнае для дасягнення натуральнага і звышнатуральнага шчасця, у постаці вечнага жыцця, сказаў кардынал Мюлер. На яго думку, асабліва важным тут будзе Сінод Біскупаў, які пачынаецца ў Ватыкане 4 кастрычніка 2015 г.

“Святы Айцец заўсёды падкрэсліваў важнасць сям’і і сужэнства, якія з’яўляюцца асноўнай ячэйкай грамадства і Касцёла”, - нагадаў нямецкі кардынал. Ён выказаў надзею, што Сінод зойме ясную пазіцыю адносна сакрамэнтальнасці і святасці сужэнства. Бо сужэнства – гэта не проста чалавечы ідэал, а дар Божы. “Не можна практыкаваць тэалогіі, якая з’яўляецца каталіцкай, не прымаючы да ўвагі ўсе дагматы Касцёла аб сакрамэнце сужэнства. Не можна релятывізаваць сужэнства як таямніцы”, - падкрэсліў прэфект Кангрэгацыі Веравучэння і выказаў спадзяванне, “што дыскусіі на Сінодзе не стануць павярхоўнымі, а будуць грунтавацца на глыбокім разуменні вучэння Езуса, Старога і Новага Запаветаў, а таксама аўтэнтычнай інтэрпрэтацыі Аб’яўлення праз вучэнне Касцёла. Гэта, паводле кардынала, асноўныя ўмовы плённасці сінадальнай дыскусіі. Цяперашні Сінод вельмі важны для будучыні не толькі сям’і, але і Касцёла, лічыць прэфект Кангрэгацыі Веравучэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.