2015-10-03 11:56:00

Ватыканская дыпламатыя ў ААН пра трагедыю бежанцаў


Да салідарных дзеянняў па спыненні эскалацыі канфлікту на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы звярнуўся да міжнароднай супольнасці сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі. Спасылаючыся на нядаўняе выступленне папы Францішка ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, арцыбіскуп Пол Галахер асудзіў пераслед людзей па прыкмеце расы, рэлігіі, палітычных ці якіх-небудзь адрозненняў. Ён асудзіў калектыўную пасіўнасць, абыякавасць, а таксама геапалітычнае і нацыянальнае суперніцтва.

На адкрыцці пасяджэння Савета Бяспекі ААН іерарх узгадаў пра трагедыю трохгадовага хлопчыка Айлана Курдзі, чыё цела было знойдзена ў моры, непасрэднай ля ўзбярэжжа Турцыі. Ён падкрэсліў, што гісторыя дзіцяці з’яўляецца вынікам міграцыйнага крызісу ў Міжземнаморскім рэгіёне і ў многіх частках Еўропы. Па словах арцыбіскупа, Айлан стаў сімвалам тысяч уцекачоў, якія страцілі свае жыцці ў глыбінях мора, ратуючыся ад насілля і пераследу. Ён нагадаў, што дапамогі сёння патрабуюць 12 мільёнаў сірыйцаў. Ён выказаў удзячнасць усім краінам, якія, нягледзячы на свае ўласныя праблемы і абмежаванні далі прытулак мільёнам бежанцаў з Сірыі і падкрэсліў уклад Касцёла ў гуманітарную дапамогу ў рэгіёне.

“Узрастаючы паток зброі, усё большай і большай магутнасці і дальнасці, не спыніць насілле і пакуты”, - сказаў арцыбіскуп Галахер падкрэсліваючы, што адзіным рашэннем з’яўляюцца палітычныя перамовы. Ён сказаў, што “тэрарыстам не можна дазволіць знішчыць мірнага суіснавання мусульман з хрысціянамі, якое доўжыцца многія стагоддзі”. Ватыканскі дыпламат таксама заклікаў асудзіць выкарыстанне рэлігіі для апраўдання актаў тэрору.








All the contents on this site are copyrighted ©.