2015-10-02 13:12:00

Кс. Ламбардзі пра спатканне Папы з праціўніцай гей-саюзаў


“Кароткая сустрэча Святога Айца са спадарыняй Кім Дэвіс у нунцыятуры ў Вашынгтоне не павінна быць інтэрпрэтавана як падтрымка яе пазіцыі ва ўсіх яе канкрэтных і складаных аспектах”, - сказаў кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду, кс. Фэдэрыка Ламбардзі.

У ватыканскай заяве адзначаецца, што Папа сустрэўся ў Апостальскай нунцыятуры ў Вашынгтоне з некалькімі дзесяткамі запрошаных туды гасцей, якія хацелі павітаць яго, перш чым ён пакіне Вашынгтон і накіруецца ў Нью-Ёрк. Такія кароткія сустрэчы заўсёды прысутнічаюць у праграме папскіх падарожжаў і з’яўляюцца сведчаннем ветлівасці Святога Айца. Аўдыенцыю ў прамым сэнсе гэтага слова Францішак даў толькі аднаму з сваіх былых вучняў і яго сям’і. “Такім чынам, Папа не стаў удавацца ў дэталі сітуацыі спадарыні Дэвіс і яго сустрэча з ёй не павінна быць прынята ў якасці падтрымкі для яе пазіцыі”, - заявіў прадстаўнік Святога Пасаду.

50-гадовая Кім Дэвіс, якая належыць да Апостальскай Царквы, у пачатку верасня адмовіла гей-пары ў выданні дакументаў, неабходных для заключэння грамадзянскага саюза. Яна патлумачыла, што гэта супярэчыць яе сумленню. За гэта жанчына была заключана ў турму, але праз тыдзень вызвалена. Дэвіс падтрымалі шматлікія людзі, якія публічна выказалі свой пратэст.








All the contents on this site are copyrighted ©.