2015-10-01 12:08:00

Пантыфік скіраваў пасланне на Дзень мігранта і бежанца


1 кастрычніка 2015 г. было апублікавана пасланне папы Францішка на Міжнародны дзень мігранта і бежанца. Ён будзе адзначацца 17 студзеня 2016 г. Яго тэма – “Мігранты і бежанцы – выклік для нас. Адказ – у Евангеллі міласэрнасці”. У сваім пасланні Пантыфік спаслаўся на Год Міласэрнасці, які пачынаецца ў Касцёле 8 снежня, і нагадаў, што “Божая любоў хоча дасягнуць усіх і кожнага, (…) каб кожны ведаў, што яго любяць як дзіця і адчуў сябе “як дома” ў адной чалавечай сям’і”.

Папа нагадаў, што “сёння міграцыя пастаянна актывізуецца ва ўсіх рэгіёнах нашай планеты”. “Бежанцы і людзі, якія ўцякаюць з сваёй радзімы, з’яўляюцца выклікам для народаў і грамадстваў, паколькі ставяць пад сумнеў іх традыцыйны лад жыцця, а часам і парушаюць культурны і сацыяльны гарызонты, з якімі сутыкаюцца”, - адзначыў ён і дадаў, што нават, калі мігрантам удаецца прайсці праз усе цяжкасці пераходу ў новыя ўмовы, яны “павінны затым лічыцца з рэальнасцю, дзе існуюць падазронасць і боязь”, “адсутнасць выразных і эфектыўных законаў”. На думку Францішка, “сёння, больш, чым у мінулыя часы, Евангелле міласэрнасці непакоіць сумленне, не дазваляе прывыкнуць да пакут іншых і паказвае шляхі адказу, якія базуюцца на цнотах веры, надзеі і любові, выяўленых у справах міласэрнасці адносна душы і цела”.

У сваім пасланні Пантыфік закікаў да стварэння “праграм, якія ўлічваюць прычыны міграцыі, змены, да якіх яна прыводзіць, і наступствы, якія ствараюць новыя абліччы грамадстваў і народаў”. “Драматычныя гісторыі мільёнаў мужчын і жанчын з’яўляюцца выклікам для міжнароднай супольнасці”, а часта на іх адказваюць абыякавасцю і маўчаннем, заўважыў ён.

Міграцыя часта падыктавана пошукам лепшага жыцця ўдалечыні ад галечы, голаду, эксплуатацыі і несправядлівага размеркавання рэсурсаў планеты, адзначыў Пантыфік і выказаў перакананне, што гэтыя рэсурсы “павінны быць размеркаваны пароўну паміж усімі людзьмі”. Ён звярнуўся таксама да тэмы ідэнтычнасці, паколькі і той, хто эмігрыруе вымушаны змяніць некаторыя атрыбуты свайго жыцця, і той, хто яго прымае, нават калі і не хоча, змяняецца. І тут важна перажыць гэтыя змены без шкоды для сапраўднага чалавечага, сацыяльнага і духоўнага росту. “Як зрабіць, каб інтэграцыя стала ўзаемаўзбагачэннем, каб адкрыла станоўчыя шляхі для супольнасцяў і прадухіліла рызыку дыскрымінацыі, расізму, крайняга нацыяналізму і ксенафобіі?”, - задаецца пытаннем у сваім пасланні Папа і адначасова нагадвае, што Святое Пісанне заклікае да прыняцця чужаземца, гаворачы, што такім чынам мы адчыняем дзверы Богу. На гэтым, паводле Францішка, палягае Евангелле міласэрнасці.

“Важна паглядзець на мігрантаў не толькі з пункту гледжання іх рэгулярнага або нерэгулярнаага статусу, але, перш за ўсё, як людзей, якія – пры павазе да іх годнасці – могуць унесці свой уклад у росквіт і развіццё ўсіх, асабліва, калі з адказнасцю возьмуць на сябе абавязкі адносна тых, якія іх прымаюць, з удзячнасцю будуць паважаць матэрыяльную і духоўную спадчыну краіны знаходжання, выконваць яе законы і ўносіць свой уклад у яе выдаткі”, - напісаў Святы Айцец. 

“Не можна абмежаваць міграцыю толькі да палітычных і прававых аспектаў, эканамічных наступстваў і чыстага суіснавання розных культур на адной тэрыторыі”, - перакананы Францішак. Узгаданыя аспекты толькі дапаўняюць самае галоўнае: абарону і падтрымку чалавечай асобы, культуру сустрэчы народаў і еднасці, дзе Евангелле міласэрнасці адыгрывае самую важную ролю.

Касцёл падтрымлівае ўсіх тых, хто стаіць на абароне правоў кожнага чалавека на годнае жыццё, дзе асноўным з’яўляецца права на “неэміграцыю”, адзначыў Пантыфік. І тут, у першую чаргу, трэба дапамагчы краінам, з якіх адбываецца міграцыя, у тым ліку праз салідарнасць, супрацоўніцтва і справядлівае размеркаванне рэсурсаў Зямлі. 

“Ніхто не можа рабіць выгляд, што яго не датычаць праблемы, якія вынікаюць з новых форм рабства, за якімі стаяць злачынныя арганізацыі, што прадаюць і купляюць мужчын, жанчын і дзяцей, вымушаных працаваць на будаўніцтве, у сельскай гаспадарцы, рыбалоўстве і іншых галінах рынку. Колькі дзяцей па-ранейшаму вымушаны ўступаць ва ўзброеныя групы, якія робяць з іх дзяцей-салдат! Як шмат людзей становяцца ахвярамі гандлю чалавечымі органамі, сексуальнай эксплуатацыі і прымусовага жабрацтва! З гэтых згаданых злачынстваў з’яўляюцца ўцекачы нашага часу”, - падкрэсліў Папа.

Францішак заклікаў адрасатаў свайго паслання “не дазволіць скрасці ў сябе надзею і радасць жыцця, якія выцякаюць з досведу міласэрнасці Бога, Які адкрывае Сябе ў асобах, што сустракаюцца на нашых шляхах”.








All the contents on this site are copyrighted ©.