2015-09-28 14:12:00

Францішак закончыў падарожжа на Кубу і ў ЗША


28 верасня 2015 г. папа Францішак вярнуўся ў Рым пасля свайго Апостальскага падарожжа на Кубу і ў ЗША. На развітанне Святы Айцец падзякаваў усім арганізатам гэтага візіту і заклікаў амерыканцаў быць шчодрымі і ўважлівымі распарадчыкамі вялізарных дароў і магчымасцяў, якімі Пан адарыў іх краіну. У аэрапорце Філадэльфіі Пантыфіка праважаў віцэ-прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн, мясцовыя каталіцкія іерархі і шматлікія вернікі.

У сваёй прамове Папа коратка ўзгадаў пра асноўныя моманты свайго падарожжа ў Злучаныя Штаты. Ён паабяцаў маліцца, каб Сусветная сустрэча сем’яў умацавала шматлікія сем’і на шляху да святасці і дапамагла ім бачыць у Касцёле вернага спадарожніка ў любых выправабаннях.

Гаворачы аб сваім візіце ў Нацыянальны мемарыял і музеі 11 верасня, Францішак падкрэсліў, што зло ніколі не мае апошняга слова, а згодна з міласэрнай задумай Бога, любоў і мір затрыумфуюць над усім.

Арганізатарам і спонсарам свайго падарожжа Святы Айцец пажадаў, каб іх энтузіязм для Езуса, Касцёла, сем’яў і грамадства быў невычарпальным і, каб заўсёды бескарысліва дзяліліся з іншымі атрыманымі ад Бога дарамі.

Па прылёце ў Рым Папа наведаў базыліку Санта Марыя Маджорэ, дзе ў малітве даверыў Маці Божай плёны свайго падарожжа. 








All the contents on this site are copyrighted ©.