2015-09-28 13:02:00

Пантыфік: шчасце і святасць складаюцца з маленькіх жэстаў


Слова Божае заклікае ўсіх удзельнічаць у прароцкім абвяшчэнні саюзу паміж мужчынам і жанчынай, які нараджае жыццё і адкрывае Бога, адзначыў папа Францішак 27 верасня 2015 г. падчас кульмінацыйнай Эўхарыстыі ў рамках VIII Сусветнай сустрэчы сем’яў у Філадэльфіі. Разам з Пантыфікам маліліся каля 100 тыс. вернікаў з розных кантынентаў планеты. 

У сваёй гаміліі Папа заўважыў, што шчасце і святасць звязаны з малымі жэстамі. Ён нагадаў выраз з Евангелля паводле св. Мацвея: “Хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады... не страціць узнагароды сваёй”. 

Паводле Францішка, гэтыя словы кажуць аб важнасці “невялікіх жэстаў” у штодзённым жыцці: “жэстаў пяшчотнасці, любові, спагады”. Да іх можа адносіцца пададзенае гарачая страва, благаслаўленне перад сном, абдымкі. Такі “клопат ў штодзённых дробязях”, на думку Папы, надае смак сямейнаму жыццю. “Вера расце, калі яна перажываецца і фарміруецца любоўю”, - сказаў ён і дадаў, што сапраўдны “хатні Касцёл, гэта месца, дзе вера становіцца жыццём, а жыццё – верай”.

Святы Айцец заклікаў вернікаў спрыяць устойліваму і інтэгральнаму развіццю. “Няхай нашы дзеці бачаць у нас апору еднасці, а не падзелаў”, - сказаў Папа. Ён заўважыў, што свет стаміўся ад раздораў і разбурэнняў, і на іх фоне Сусветная сустрэча сем’яў выглядае “прароцкай падзеяй”. Францішак заклікаў сем’і быць адкрытымі і абнаўляць сваю веру Словам Пана, прымаючы ўдзел у прароцкай задуме саюза мужчыны і жанчыны, які нараджае жыццё і адкрывае людзям Бога.

Напрыканцы сустрэчы да сабраных звярнуўся старшыня Папскай рады па справах сям’і арцыбіскуп Вінчэнца Палья, які абвясціў, што наступная Сусветная сустрэча сем’яў пройдзе ў 2018 годзе ў Дубліне.








All the contents on this site are copyrighted ©.