2015-09-27 12:19:00

Папа: трэба, каб вернікі розных рэлігій аб’ядналі свой голас


Да абароны права на рэлігійную свабоду заклікаў 26 верасня 2015 г. папа Францішак, спатыкаючыся з іспанамоўнай супольнасцю і іншымі эмігрантамі ў  парку “Independence Mall” у Філадэльфіі. Пантыфік папрасіў іх падтрымліваць уласную традыцыю і адначасова быць “адказнымі грамадзянамі”, якія робяць “плённы ўклад” у амерыканскае грамадства. Ён нагадаў, што менавіта тут была абвешчана Дэкларацыя незалежнасці ЗША, якая сцвярджае, што ўсе людзі створаныя роўнымі, і што кожны надзелены Творцам пэўнымі неадчужальнымі правамі, а ўлада існуе, каб абараняць і адстойваць гэтыя правы.

Рэлігійная свабода заняла ў прамове Папы адмысловае месца. Яна азначае права да аддання пашаны Богу, індывідуальна і ў супольнасці, паводле сумлення, нагадаў ён і дадаў, што з іншага боку, свабода рэлігіі па самой сваёй прыродзе выходзіць па-за межы месцаў культу і прыватнай сферы асоб і сем’яў. Ён адзначыў, што розныя рэлігійныя традыцыі “служыць грамадству, перш за ўсё, праз тое, што прапаведуюць”, “праз пакланенне Богу, Які з’яўляецца крыніцай усяго жыцця, свабоды і шчасця”, нагадваюць “аб трансцэндэнтным вымярэнні чалавечага існавання і нашай бязмежнай свабоды ў абліччы любых прэтэнзій абсалютнай улады”. Яны заклікаюць да пакаяння, прымірэння, клопату пра будучыню грамадства, самаадданасці ў служэнні агульнаму дабру і спагады да тых, хто знаходзіцца ў патрэбе. У цэнтры іх духоўнай місіі – абвяшчэнне праўды і годнасці чалавечай асобы і правоў чалавека.

Пантыфік выказаў упэўненасць, што “ў свеце, дзе розныя формы сучаснай тыраніі імкнуцца здушыць рэлігійную свабоду або спрабуюць абмежаваць яе да субкультуры, без права голасу ў публічнай сферы, або выкарыстаць рэлігію ў якасці падставы да нянавісці і насілля, трэба, каб вернікі розных рэлігій аб’ядналі свой голас, заклікаючы да міру, цярпімасці і павагі да годнасці і правоў іншых асоб”.

Вітаючы эмігрантаў, Папа прызнаў, што многія з іх прыбылі ў Злучаныя Штаты ахвяруючы многімі асабістымі амбіцыямі, але ў надзеі на будаўніцтва новага жыцця. “Уносячы вашы дары, вы знойдзеце тут не толькі сваё месца, але і дапаможаце абнавіць грамадства знутры”, - сказаў на заканчэнне спаткання, прысвечанага рэлігійнай свабодзе, Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.