2015-09-26 14:02:00

Кс. Ламбардзі: у ААН Папу выслухалі з вялікай пашанай


Словы папы Францішка, скіраваныя 25 верасня 2015 г. да Генеральнай Асамблеі ААН былі выслуханы з вялікай пашанай, адзначыў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі. У адрозненні ад іншых выступленняў Рымскіх Пантыфікаў у ААН, у гэты раз аўдыторыя была больш шырокай і важнай, заўважыў ён ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

Францішак “з вялікай эфектыўнасцю” казаў аб неабходнасці канкрэтнай дзейнасці ў вырашэнні глабальных праблем і не дапушчальнасці спынення толькі на ўзроўні размоваў, нагадаў кс. Ламбардзі. “Вельмі моцнымі” ён назваў заклікі Святога Айца аб міжнародных фінансавых інстытутах, якія павінны дапамагаць краінам, што знаходзяцца на шляху да развіцця, а не падпарадкоўваць іх праз крэдытныя сістэмы.

Паводле кіраўніка Залы Друку, Папа ясна выказаўся аб неабходнасці аховы навакольнага асяроддзя і атамнага разбраення. Францішак станоўча адзначыў дамову па іранскай атамнай праграме, а гэта на думку кс. Ламбардзі, важнае заяўленне, бо гэта пагадненне было “ацэнена не ўсімі”.

Кажучы аб ахове прыроды, Пантыфік зрабіў спасылку на прыроду чалавека, якая прадугледжвае існаванне адметнасцяў паміж мужчынам і жанчынай і абсалютную павагу да жыцця на ўсіх яго этапах. “Такім чынам ён не страціў магчымасці, каб прадставіць таксама і пазіцыю Касцёла па дастаткова важных пытаннях”, - сказаў кс. Ламбардзі.

Прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў, што адной з цэнтральных тэмаў падарожжа Францішка на Кубу і ў ЗША з’яўляецца тэма міру. Аб ёй Папа выказаўся аўтарытэтна і мужна, а яго словы былі “выслуханы сапраўды з вялікай пашанай”, падкрэсліў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.