2015-09-25 14:18:00

Пантыфік сустрэўся з бяздомнымі ў Вашынгтоне


Не можна знайсці сацыяльнага ці маральнага апраўдання, ніякага апраўдання для адсутнасці даху над галавой, сказаў Пантыфік 24 верасня 2015 г. падчас сустрэчы з бяздомнымі ў касцёле св. Патрыка ў Вашынгтоне. Ён адзначыў, што “ёсць шмат несправядлівых сітуацый, але мы ведаем, што Бог пакутуе разам з намі, перажывае іх знаходзячыся побач. Ён не пакідае нас”, - сказаў Святы Айцец і дадаў: “Сын Божы прыйшоў у гэты свет як бяздомны. Сын Божы выпрабаваў на сабе, што значыць пачаць жыць без даху над галавой”.

Францішак падкрэсліў, што “Езус хацеў паказаць салідарнасць з кожным чалавекам. Ён хацеў, каб усе адчулі Яго прысутнасць, Яго дапамогу і Яго любоў. Ён атаясаміўся з тымі, хто пакутуе, хто плача, хто зносіць усе віды несправядлівасці”.

Папа адзначыў, што адным з найбольш эфектыўных спосабаў дапамогі з’яўляецца малітва. “Малітва аб’ядноўвае нас, робіць нас братамі і сёстрамі. (…) У малітве мы ўсе навучыліся казаць Богу “Ойча”, “Тата”. (…) У малітве няма багатых і бедных, ёсць сыны і дочкі, сёстры і браты. У малітве няма першага або другога класа, ёсць братэрства”.

На заканчэнне спаткання Францішак памаліўся з бяздомнымі “Ойча наш” і благаславіў іх.








All the contents on this site are copyrighted ©.