2015-09-25 16:30:00

Пантыфік выступіў перад Генеральнай Асамблеяй ААН


25 верасня 2015 г. папа Францішак наведаў штаб-кватэру ААН у Нью-Ёрку з нагоды 70-годдзя заснавання гэтай арганізацыі і пачатку Генеральнай Асамблеі, падчас якой прадстаўнікі 193 краін свету павінны зацвердзіць парадак дзеянняў у галіне ўстойлівага развіцца да 2030 г.

У сваёй доўгай прамове Францішак нагадаў аб візітах у ААН сваіх папярэднікаў: Паўла VI – у 1965 г., Яна Паўла ІІ – у 1979 г. і 1995 г., і Бэнэдыкта XVI – у 2008 г., а таксама аб прызнанні, з іх боку і з боку ўсяго Касцёла, важнасці гэтай арганізацыі. На працягу 70-гадовай гісторыі ААН было шмат дасягнута ў сферы кадыфікацыі міжнароднага права, правоў чалавека і вырашэнні шматлікіх канфліктных сітуацый. Калі б не гэта арганізацыя, “чалавецтва магло б не выжыць ад безкантрольнага выкарыстання свайго патэнцыялу”, сказаў Папа.

У той жа час, гісторыя структуры паказала, што яна патрабуе пастаяннага рэфармавання і прыстасавання да выклікаў часу. Гэта патрэба, паводле Францішка, тычыцца Рады Бяспекі, фінансавых структур і органаў, якія пакліканы адказваць на эканамічныя крызісы. Фінансавыя інстытуты павінны клапаціцца аб устойлівым развіцці краін і не дапускаць іх падпарадкавання крэдытным сістэмам, якія спрыяюць большай беднасці, маргіналізацыі і залежнасці.  

Францішак звярнуў асаблівую ўвагу на два выклікі, “ахвяры кепскага выкарыстання ўлады”: праблему навакольнага асяроддзя і праблему маргіналізацыі. Яны блізка звязаны паміж сабой, а шкода навакольнаму асяроддзю – гэта шкода чалавеку, сказаў Пантыфік. Папа дадаў, што ад празмернай эксплутацыі прыроды найбольш пакутуюць самыя бедныя, і выказаў спадзяванне, што гэтыя праблемы будуць улічаны ў плане дзеянняў у галіне ўстойлівага развіцця на наступныя пятнаццаць гадоў.

Святы Айцец заўважыў, што неабходна не толькі ўрачыстае прыняцце рашэнняў, але воля і канкрэтныя дзеянні, каб перамагчы феномены сацыяльнай і эканамічнай маргіналізацыі, з іх сумнымі наступствамі, якімі з’яўляецца гандаль людзьмі і чалавечымі органамі, сексуальная эксплуатацыя дзяцей, рабская праца, у тым ліку прастытуцыя, гандль наркотыкамі і зброяй, тэрарызм і міжнародная арганізаваная злачыннасць. “Мы павінны клапаціцца, каб нашы ўстановы былі па-сапраўднаму эфектыўнымі ў барацьбе з гэтымі бедствамі”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў важнасць пашырэння адукаванасці ў свеце для дасягнення мэтаў устойлівага развіцця і аздараўлення навакольнага асяроддзя. Ён заклікаў кіраўнікоў дзяржаў забяспечыць усіх “абсалютным мінімумам”, які дазваляе весці годнае жыццё і дае магчымасць ствараць сям’ю. На матэрыяльным узроўні гэта: дом, праца і зямля, а на духоўным: свабода духа, якая ўключае ў сабе рэлігійную свабоду, права на адукацыю і іншыя грамадзянскія правы, сказаў Францішак.

Ён падкрэсліў, што абарона навакольнага асяроддзя і барацьба з беднасцю патрабуюць прызнання маральнага закона запісанага ў саму чалавечую прыроду, які прадугледжвае натуральныя адметнасці паміж мужчынам і жанчынай і абсалютную павагу да жыцця на ўсіх яго этапах і ва ўсіх вымярэннях. У адваротным выпадку, ідэалы “захавання будучых пакаленняў ад бедстваў вайны” і “садзейнічання сацыяльнаму прагрэсу і паляпшэнню ўмоў жыцця пры большай свабодзе” рызыкуюць стаць недасягальным міражом, ці, яшчэ горш, пустымі словамі, які служаць для апраўдання пэўных злоўжыванняў і карупцыі або для садзейнічання ідэалагічнай каланізацыі праз увядзенне мадэляў і стыляў жыцця, якія з’яўляюцца анамальнымі і чужымі тоеснасці народаў, і, ўрэшце, безадказнымі.

Папа адзначыў, што вайна – гэта адмаўленне ўсіх правоў чалавека і драматычная агрэсія супраць навакольнага асяроддзя. Таму, для сапраўднага развіцця, неабходна прыкладаць усе намаганні, каб не дапускаць войнаў паміж народамі.

Для гэтай мэты трэба забяспечыць верхавенства міжнароднага права. Калі яно паважаецца і прымяняецца шчыра і без іншых мэтаў – дасягаецца мір. У адваротным выпадку, калі закон ужываецца толькі, калі гэта выгадна, адкрываецца сапраўдная “скрыня Пандоры непадкантрольных сілаў”, якія наносяць вялікую шкоду цэлым народам, культурнаму і біялагічнаму асяроддзям. 

Распаўсюджванне зброі, асаблівага масавага знішчэння, супярэчыць фундаментальным прынцыпам ААН. “Этыка і права, заснаваныя на пагрозе ўзаемнага знішчэння – і патэнцыйна ўсяго чалавецтва – з’яўляюцца супярэчнасцю і падманам ва ўсёй канструкцыі Аб’яднаных Нацый, якія сталі б у такім выпадку “нацыямі, паяднанымі страхам і недаверам”, - сказаў Папа і заклікаў імкнуцца да поўнай забароны такога роду інструментаў. У дадзеным канткэсце Пантыфік высока ацаніў дамову па іранскай атамнай праграме і пажадаў, каб яна прынесла жаданыя плёны.

Францішак адзначыў важнасць скаардынаваных дзеянняў міжнароднай супольнасці перад абліччам існуючых у свеце канфліктаў. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на неабходнасць вырашэння сітуацыі на Блізкім Усходзе, у Паўночнай Афрыцы і іншых афрыканскіх краінах, дзе хрысціяне і іншыя культурныя групы, з той часткай вызнаўцаў рэлігіі, якая прадстаўляе сабой большасць і не жадае быць ахопленай нянавісцю і вар’яцтвам, былі вымушаны стаць сведкамі разбурэння сваіх месцаў культу, сваёй культурнай і рэлігійнай спадчыны, сваіх дамоў і маёмасці, і пастаўлены перад выбарам уцякаць ці плаціць за сваю прывязанасць дабру і міру ўласным жыццём ці рабствам.

Францішак заклікаў да сумленняў асоб, адказных за міжнародныя справы, і нагадаў, што ў кожным канфлікце, у тым ліку ва Украіне, Сірыі, Іраку, Лівіі і іншых, пакутуюць, плачуць і паміраюць канкрэтныя людзі. Людзі выкідаюцца на ўзбочыну ў той час, як нічога не робіцца акрамя тыражавання праблем, стратэгій і дыскусій. Папа заклікаў міжнародную супольнасць спыніць насілле.

Асаблівую ўвагу Святы Айцец звярнуў на іншы від сапраўднай вайны – гандаль наркотыкамі, ад чаго паміраюць мільёны людзей, і заклікаў краіны да барацьбы з супраць гэтага феномену.

У завяршэнні сваёй прамовы Пантыфік заклікаў членаў Генеральнай Асамблеі ААН да рашучых дзеянняў перад абліччам глабальных канфліктаў і павелічэння колькасці маргіналізаваных і патрабуючых, і запэўніў у падтрымцы Каталіцкага Касцёла ў гэтым пытанні.








All the contents on this site are copyrighted ©.